«Лоскія паданні» — Крыніца

Автор: | Ноябрь 26, 2017
«Лоскія паданні» — Крыніца

Крыніца.

— Аднойчы здарылася, што памутнела вада ў нашай крыніцы,— расказвае цётка Прося. А ўсё праз майго свёкра Сцяпана. Ён панначку незнарок пакрыўдзіў… Раней чаго толькі пра яе не гаварылі! Любы мог тады расказаць, які ў панначкі конь — белы, даўгагрывы, у яблыкі. А ўбачыць яго можна было, як наставаў маладзік, калі ледзь толькі намячаўся рагалік-веташок месяца. У такія ночы панначка і выводзіла на повадзе свайго любімца на крутыя, парослыя травою схілы замкавай гары. Але варта было свіснуць або кашлянуць, як умомант знікалі і конь, і панначка. А на тым месцы, дзе іх бачылі, заставаліся два белыя камяні…

Быццам назіралі, як панначка плавала па лоскіх рэчках — Пімже і Пахамянцы. Сустракалі яе часцей за ўсё закаханыя. Стаяць дзе-небудзь пад вольхамі, мілуюцца, і раптам як зацурчыць, зазвініць вада па камянях! Азірнуцца на звон — і ўбачаць: выплывае з белага туману панначка. Не на лодцы — для лодкі мелка, а на праніку, якім бабы палатно пераць. Плыве сабе і валасы расчэсвае. Вочы ў яе нібы заплюшчаныя, а сама ўсміхаецца некаму, як у сне, і ўсё кланяецца, кланяецца, ды гэтак па-даўнейшаму, у пояс. Калі хочаш панначку лепш разгледзець, замры, не дыхай. А ўздыхнеш, усё знікне, прападзе панначка за кустамі…

А вось муж казаў, ды гэта ж і са свёкрам у маладосці здарылася… Бытта сабраўся ён спаць у пуні… Зірк — а панначка і стаіць, падпірае плечуком вароты, нібы чакае кагосьці. Валасы залатым абручыкам схопленыя, сукенка на ёй пышная, белая, на падвянечную падобная. Замёр чалавек на месцы… А панначка яшчэ крыху пастаяла, паглядзела… Вочы сумныя-сумныя! І раптам прапала!.. У такія ночы доўга-доўга чуваць, як яна ходзіць пад сценамі пуні і ціхенька ўздыхае.

А так усё, галубок, і было. Мо бачыў пасярэдзіне садка на замчышчы западзіну? Яшчз пры свёкру там быў калодзеж. Не такі, са зрубам, якія ў вёсцы капаюць, а глыбачэнны, выкладзены па крузе часанымі абымшэлымі камянямі. Даўно ўжо ніхто з гэтага калодзежа не браў вады. А калодзеж быў якраз пасярэдзіне двара — от і надумаўся свёкар засыпаць яго. Закаціў колькі валуноў, накідаў карчоў, рознага ламачча і прысыпаў зверху пяском. Скончыў свёкар сваю работу перад заходам сонца, а раніцай у крыніцы пад замчышчам і сапсавалася вада.

Расказваў свёкар, як у тую ж ноч з’явілася яму ў сне панначка. Бытта ўселася яна ў нагах і прасіла раскапаць стары калодзеж. Хацеў рукой ён паварушыць і не мог, паспрабаваў галаву падняць, а яна як свінцом наліта. Ляжаў, абліваўся гарачым потам, а панначка глядзела, глядзела на яго сумна і раптам склала рукі на падале ды як заплача! Ціхенька так, ні зыку, адны слёзы, як макавінкі, на падол сыплюцца. Шкада стала свёкру панначкі, сабраўся ён з духам. «Што з табою, чаго ты так засмуцілася?» — пытае. І гаворыць дзяўчына, што было ў яе адно-адзінае акенца, праз якое яна на волю, на сіняе неба глядзела, а цяпер закрылі яго, засыпалі ёй вочы пяском, таму і слёз яна тыдзень ужо спыніць не можа. Сказала ўсё — і прапала, адно ветрык па хаце прайшоўся…

Тыдзень хадзіў свёкар хмурны, ні з кім нават гаварыць не хацеў. Потым аднойчы пакінуў усіх хлопцаў дома, сказаў — работа ёсць. Прынёс доўгія лейцы, адным канцом обвязаў сябе, другі аддаў ім і загадаў моцна трымаць. Так, абвязаны, увесь дзень раскопваў, выцягваў са старога калодзежа смецце ды

каменне. Нарэшце адкрылася ў яго пад нагамі вузкая шчыліна, і пацягнула з яе халадком. Кінулі яшчэ для пробы ў шахту каменьчык. Доўга перастукваў ён недзе ў глыбіні па каменнях, пакуль не плюхнуўся ў ваду… А праз ноч зазвінела, заспявала па крынічных каменнях чыстая, празрыстая, як сляза, вадзіца.

Источник: https://be.wikisource.org 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *