«Легенды Пинска» — Здарэнне з прыставам

Автор: | Ноябрь 25, 2017
«Легенды Пинска» — Здарэнне з прыставам

Здарэнне з прыставам.

Жыў у нашым Пінску ў старыя часы адзін царскі прыстаў. Тоўсты быў, вусаты, важны. Такое пуза адгадаваў сабе, не дай бог! Усе называлі яго Бочкай, а якое было сапраўднае прозвішча — ніхто і не помніў. Неяк паехаў гэты Бочка з Пінска ў адну далёкую вёску, бо Пінскі павет быў, каб ведалі, надта вялікі.

Даўно збіраўся прыстаў у тую вёску, ды ўсё не было як. Нарэшце паехаў. Мабыць, не толькі па службовай справе. Была, напэўна, і яшчэ нейкая прыватная выгода. Не такі той прыстаў быў дурань, каб ехаць у далёкую і нялёгкую дарогу толькі дзеля службы, без сваёй патрэбы. Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў!

Але як бы там ні было, паехаў. І паехаў, трэба вам сказаць, позняй восенню, калі трохі падмерзла. Дачакаўся першых марозаў. Паехаў і знік без вестак. Назад не вярнуўся. Дома чакаюць, на службе чакаюць, а яго ўсё няма ды няма. Прайшлі зіма, вясна, лета, восень. Прыстава няма. Толькі пад канец другой зімы вярнуўся Бочка ў Пінск.

А было так, што да той далёкай вёскі дабраўся Бочка зімовай дарогаю, цераз замёрзлае балота, а калі хацеў вярнуцца ў Пінск, то пачалася адліга і трымалася доўга. Зіма выпала цёплая, няўстойлівая. Балота не замярзала, а пра вясну і казаць няма чаго. Усё наваколле надоўга было затоплена. Вы ж ведаеце, як у нас бывае вясной, калі ўсе нашы рэкі ды рэчкі выйдуць з берагоў, ды злучацца між сабою, ды зальюць разам вялікія прасторы! Ого! Усю балоцістую нашу мясцовасць ператвораць у такую топкую дрыгву, што ні прайсці, ні праехаць, ні пераплысці. Пеша не пройдзеш, бо загразнеш у багне, і на лодцы не перабярэшся, бо вада, хоць і вялікая, але ж амаль усюды такая неглыбокая, што лодка не пройдзе. Не ўсюды прабярэшся і не на ўсякай лодцы… Вось і не мог той прыстаў выбрацца з вёскі, хоць і быў па тым часе немалы начальнік. Так і жыў там, на невялікім пясчаным астраўку, да наступнай зімы. А што яму? Піў, пэўне, гарэлку, еў кілбасы ды вяндліну, ласаваўся мёдам. Сёння ў адной хаце, заўтра ў другой. Давалі ж, мусіць, бясплатна. Заўсёды знойдуцца такія, каму трэба пачаставаць начальства!

Нарэшце надышлі вялікія маразы і дрыгва замерзла як мае быць. Цэлы год мусіў гэтага чакаць!.. Не было ж тады ні добрых дарог, ні машын, ні самалётаў. Дзіва што — такія нетры! Як у нас кажуць, хоць ты цалы месёнц ідзі, то да краю нігды не дацягнешся! Ад вёскі да вёскі, ад астраўка да астраўка, зімою вёрстаў пятнаццаць, калі наўпрост, па лёдзе, цераз балота. А каб трапіць летам з адной вёскі ў другую, трэба ехаць у абход усе дзвесце, як не трыста вёрстаў, калі ласка!..

Источник: https://be.wikisource.org 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *