Бутрымава прыгода

Автор: | Ноябрь 18, 2017
Беларускія паданні і легенды Бутрымава прыгода

Бутрымава прыгода.

У Засуллі, у сяле, што абапал рэчкі дзвюма вёскамі раскінулася, быў гаспадар, Бутрымам празываўся. Тады ён быў яшчэ малады, гадоў колькі як жанаты, ды любіў часам загуляці.

Што буду гаварыць, то не выдумка якая — сама жонка яго, Марцэля, будучы ўжо ўдавою, клялася ды бажылася.

Сышоўся гэта той Бутрым са сваім кумам у Мэндалевай карчме, павялі гутарку пра сёе-тое і згадалі пра грошы.

— Ведаеш,— кажа Бутрымаў кум,— дзе нам грошай узяці?

— А дзе? — пытае Бутрым.

— А ў панскім лесе… Я ўчора нагледзеў на Папоўшчыне, каля балота, брускі ляжаць. Дык ты пайдзі запражы вала ды едзь пад Туры, а я там чакаціму цябе. А там узложыш адзін і — у Стоўбцы… Вот і будзе які рубель…

Як параіў, так і зрабілі. Бутрым запрог вала. Прыехалі пад бруссе, паклалі адзін на воз і паехалі. Не праехалі яны і дзвюх вёрст, як валы чагось утарапіліся. Калі глядзяць — ажно на дарогу чалавек выходзіць. Яны дужа спалохаліся, бо думалі, што хтось са двара. Адно, прыгледзеўшыся, пазналі, што гэта хтось чужы: у кароткім сурдуціку, у вузенькіх штоніках, у капелюшы і, залажыўшы рукі назад, як бы кійком памахвае. Сказаць пан — не пан, бо на пана затонкі… Адным словам, хтось такі незнаёмы.

А каб яны лепей прыгледзеліся, дык убачылі б, што гэта ззаду ў яго не кіёк, а хвост касматы, а ён адно, дзеля прыліку рукі залажыўшы, яго прытрымлівае і што з-пад капелюша рожкі невялічкія тырчаць. Ды ім гэта няўцямкі было.

— Куды гэта, людцы, едзеце? — пытае той ягомасць.

— У Стоўбцы, паночку,— кажуць мужчыны.

— Гэ, гэ! Ды вы,— кажа,—заблудзілі.

— Не можа быць, паночку! Мы ж не толькі дарогу, а кожную хвою тутака знаем.

— Аднак жа вы заблудзілі, вот прыгледзьцеся добра.

Калі сталі прыглядацца, дык і ім здалося, што заехалі ў незнаёмае месца, і, скрабучы за вушамі, кажуць:

— А-а, дык вашая праўда! І што мы цяпер рабіцімем?.. Хіба, панок,— будзь так ласкаў,— і пакажы нам дарогу!

— Дык добра, я вас аж у Стоўбцы завяду, бо і сам туды ж іду. Вярнеце налева і едзыде за мною!

Тыя, яму падзякаваўшы, паехалі за ім. То як стаў ён іх вадзіць па нейкіх невядомых дарожках, па карэнні ды па балоце, а яны скрозь за ім.

І немаведама, як доўга б ездзілі, але адзін вол паў. Тады яны, здагадаўшыся, давай хрысціцца ды Богу маліцца, дык той хрант перш усё корчыўся, пляваў, а далей — як зарагоча ды ў балота як скоча — адно пырскі выш лесу паляцелі.

А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *