Асілкі

Автор: | Ноябрь 16, 2017
Беларускія паданні і легенды Асілкі

Асілкі.

Даўно-даўно, калі яшчэ людзі жылі па лясах дрымучых, прыйшлі ў цяперашнюю Утужыцкую абшчыну асілкі і занялі два месцы: адно на рэчцы Вараусе ў Заборышчах, а другое — на Іванісе пры той жа самай рэчцы. У тых месцах тады ніякага народу не было, месцы былі вольныя па ўсёй Жанвіль-Утужыцкай старане. У лясах вадзіліся ўсякія звяры: мядзведзі, ваўкі, ласі, кабаны, лісіцы ды рысі, а па рэках і азёрах жылі выдры; рыбы хоць апалонікам чэрпай.

Асілкі тыя былі людзі здаравенныя, росту ў касы сажэнь, у плячах — аршыны з два, а голас мелі, як звон немалы, бывала, калі крыкне каторы на ўвесь голас ды свісне, дык якое б дзерава ні было вялікае, а зваліцца. Вось якія былі яны людзі, тыя асілкі. І жонкі іхнія былі па іх: вялікага росту, дужыя і раджалі кожны раз па двое, па трое дзяцей.

Гаспадаркі яны ніякай не трымалі, не было ў іх ні худобы, ні скацінкі свойскай, ні прыпасу, ні запасу. Ні хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся тым, што лавілі па лясах звяроў ды ў водах — рыбу. Адзенне сабе яны шылі са звярыных шкур. Вось так і жылі. Пра бога зусім не дбалі. Ніхто ніколі не чуў нават ад старых, каб мелі дзе-небудзь царкву альбо папа.

Крыху пажыўшы на рацэ Вараусе, асілкі вельмі ўпадабалі Жанвіль-Утужыцкую старану. Вось і задумалі яны тут пасяліцца і пачалі адразу будаваць два гарадзішчы — Забыркі і Іваніху. Гарадзішчы гэтыя і цяпер захаваліся на рацэ Вараусе, вось хоць ідзі і паглядзі.

Інструменту ў іх амаль ніякага не было. Кажуць, што была на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная. Але хоць асілкі і не мелі інструменту, а гарадзішчы ўсё ж будавалі. Меўшы ўсяго адну сякеру, асілкі перакідвалі яе з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на пераход. Крыкне, бывала, асілак з аднаго гарадзішча ў другое — сякеру давай, а другі возьме сякеру дый кіне яму. Такая была ў іх сілішча, за тое і называліся яны асілкамі. Гэта яшчэ нішто — сякеру перакінуць вярсты за тры,— а то, бывала, трэба на будынак бярвенне, дык пойдзе каторы ў лес, вырве дрэва з карэннем ды так і валачэ на гарадзішча, а то камень прыйдзецца прыставіць, дык ён возьме яго дый шыбане за вярсту ці больш, проста на гарадзішча. Некаторыя кідалі такія вялізныя каменні, што былі ў паўсажня велічынёю, але не заўсёды гэтакія каменні даляталі да гарадзішча. А то ёсць мясціны, што зусім закіданыя каменнем. Дзяды казалі — тут асілкі адзін супроць аднаго ваявалі… Яны і звяроў забівалі каменнямі, ад таго каменні і ляжаць аж да сягоння па лесе. А далей гаварылі старыя, што асілкі пайшлі адсюль, як толькі перавяліся ў лясах звяры і паменшала ў вадзе рыбы. З таго часу і гарадзішчы іхнія запусцелі, бо пасля іх не скора прыйшлі сюды нашы дзяды, якія абралі сабе лепшыя мясціны, каб сеяць жыта і скаціну разводзіць.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *