Апавяданне аб Тураве

Автор: | Ноябрь 16, 2017

Апавяданне аб Тураве.

Гэта было ўжо даўно. Там, дзе цяпер Тураў і бліжэйшыя вёскі, былі драмучыя лясы. Рака называлася тады Струменьню. Прыпяці зусім ня было. Цякла Струмень там, дзе цяпер, але была вялікая. Язда таксама была вялікай ракой, цяпер ад яе засталася невялічкая жываточынка.

У гэты час прышоў князь Тур з вялікім войскам. І прыйшоў ён сюды таму, што былі тут вялікія выгоды — зьвяры, рыба і рознае птаства.

Аднойчы князь Тур лёг спаць на гары. Заснуў ён і бачыць, быццам ляжыць ён на паднятым возе, а кругом яго — гарады. Ён быў тады самы хітрэйшы і ня было яму з кім параіцца. Ён зразумеў, што трэба яму будаваць вялікі горад.

Князь Тур пачаў будаваць горад. І быў горад такі вялікі, што і Верасьніца, і Рычоў, і Дворэц, і Азяраны і іншыя вёскі былі пад ім. Будаваў князь Тур гэты горад ня абы-як: спачатку насыпаў Тур рачнога пяску тоўсты слой. Пасьля пачаў паліць лес і насыпаў пласт дробнага вугалю ў тры аршыны. Потым надралі і палажылі пласт бярозавай кары; пасьля кары насыпалі бітых гаршкоў; пасьля — зьвярыных касьцей. У канцы засыпалі пласт сьленю (чашуя) з пароды язя — і ўсё гэта засыпалі зямлёю.

Уезныя выроты былі каля Азяран. У асяродку гораду выкапалі калодзеж, які называецца Тур-калодзеж.

Езьдзіў Тур на паляваньне ў тое месца, дзе цяпер Буразь. І было там балота, лясы і многа зьвяроў. Рубіў Тур зьвяроў, седзячы на кані, і назваў гэтае месца Буй-раз (разіў буеў).

Туров в середине XIX века. Гравюра по рисунку Наполеона Орды

Туров в середине XIX века. Гравюра по рисунку Наполеона Орды

Пасьял Тура быў князь Уладыка. Пры ім у Азяранах былі вялікія вароты, а пры варотах замок. Калі разбурылі Тураў, дык разваліліся вароты і выпаў замок. Ішла аднойчы карова, папала нагой у замок. А замок той быў дзесяць фунтаў. Там, дзе жыве Курбан, жыў Уладыка і называецца тое месца «Уладыкіна». З уладыкінага дварца быў у Тураў насып, а праз раку Язду — мост. Пры Ўладыку былі папы і ксяндзы. Аднойчы ішоў поп служыць вячэрню. На яго напалі ваўкі і з’елі… Памёр Уладыка і пахавалі яго ў каменным гробе, які гадоў калькі назад знайшлі.

Пасьля Ўладыкі быў князь Комар, а пасьля Комара — княгіня. Імя яе невядома. Вядома толькі тое, што была яна вялікая чараўніца. Калі на Тураўшчыне ў той час разышлася маравая пошасьць, дык гэтая княгіня загадала закапаць у зямлю нямога чалавека, жывога бабра і жывога мядзьведзя. Калі іх закапалі, дык зрабілася гара, якая называецца Бабруйкава Гара. Пасьля гэтага пошасьць тая спынілася.

Прыходзілі на Тураў розныя ворагі, але чараўніца-княгіня бараніла. Прышло раз вялікае войска, абклала яно Тураў і застанавілася там, дзе цяпер Перадол. Княгіня зьвязала шчотку з сьвіной шчаціны і кінула. Ворагу здалося, што парасьлі вялікія камышы; кінула яна курынае яйка, а ворагу здалося, нібыта разьлілася вялікая вада. Доўга стаялі паходнікі, але не хапіла ў іх жыўнасьці і харчоў. Сталі мерці яны самі і іх коні. На тым-жа месцы, дзе пасьліся коні, зьявілася лашчына — Перадол.

Калі ў другі раз прышлі к Тураву ворагі, дык княгіні-чараўніцы ўжо ня было, і ня было каму бараніць Тураў.

Тураў быў вялікі тады горад. У ім было 45 цэркваў.

Непрыяцель выразаў старых і малых, і жанок і служачых. Дзяцей пакідалі ў калодзе, але вада перарабілася ў малако. Гэтым малаком карміліся дзеці, вырасьлі і ад іх зноў завёўся народ.

Адзін-жа чалавек забраўся ў буслава гняздо і сядзеў там, пакуль не прайшла ўся бяда. За гэта яго празвалі Бусьліны. Другі чалавек забраўся ў яму, сядзеў там ды еў вялёную рыбу; яго і яго патомкаў празвалі Сядуны.

Пасьля разбурэньня гораду япіскопія перабралася ў Пінск, з Пінску ў Бабруйск, і 25 гадоў судзіўся Тураў, каб адсудзіць япіскопію сабе назад.

На Тураўшчыне ёсьць лекавыя камяні. Адзін стаіць у Верасьніцы, другі ў Пагосьце, трэці быў на Казаргаці, але яго перанесьлі на другі канец Турава, каля Шата. Прыплылі яны з Кіева ўверх па рацэ.

Каля Верасьніцы была рака — цяпер няма яе; па гэтай рацэ хадзілі ганчакі; ідзе ганчак, на ганчаку — народ. Вось бачыць чалавек адзін, што плыве нешта супроць вады, вельмі падобнае на чалавека. Ударыў ён ляскай па камені, растапіўся камень, але не разваліўся, а чалавека таго сагнула, скручыла — і памёр ён скора. Я сам бачыў гэты камень і прыкметна тое месца, дзе раскалоўся ён і зросься.

Адна жанчына ў Рычове асьлепла. Раз бачыць яна ўва сьне, што трэба ёй ісьці да каменя, абскабліць яго і выпіць з вадой. Яна прачнулася, зрабіла так, і скора пасьля гэтага паздаравела.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *