Адкуль Капыль

Автор: | Октябрь 30, 2017
gerb-goroda-kopyl

Адкуль Капыль.

Даўно гэта было. Многа соцень гадоў таму на месцы Капыля стаяў замак багатага князя. Непадалёку ад замка цякла рэчка, якая разлівалася шырокім возерам каля княжых палацаў. У князя была адна дачка, ды такой прыгажосці, што князь надзвычай ганарыўся ёю і не дазваляў, каб на яе пазіралі простыя людзі.

Князёўна жыла ў святліцы, якая была ў высокай замкавай вежы. Адтуль яна магла пазіраць праз вакно на навакольны свет, любавацца хараством палёў, лесу, ракі. Звалі князёўну Паліна, або проста Поля. Аднойчы, летам, каля замка з’явіўся малады пастух, які вельмі хораша іграў на дудачцы, якую ён сам і зрабіў. Князёўна пачула дзіўную песню дудара і вельмі зацікавілася музыкам і яго ігрою. Яна пераапранулася ў сялянскую дзяўчыну і непрыкметна выйшла з вежы і прыбегла на бераг возера, дзе пастух пасвіў свой статак. Тут яна ўбачыла прыгожага юнака, які, угледзеўшы прыгажуню-дзяўчыну, не мог адвесці вачэй ад яе. Ён адразу пакахаў яе, як толькі ўбачыў, і зайграў так, што ўсё навокал было зачаравана тою ігрою. Коля (так звалі пастуха) дамовіўся з Поляй, што ноччу, як толькі ўзыдзе месяц, яны будуць катацца на чоўне па возеры. Князь быў у паходзе, і яны так сустракаліся некаторы час. Вярнуўшыся з паходу, князь даведаўся аб сустрэчах закаханых. Князёўну замкнулі ў вежы. Бацькі яе меркавалі выдаць замуж за багатага прынца. І вось у канцы лета ў цёмную рабінавую ноч, калі палыхала навальніца і бушавала возера, пастух падплыў на чаўне па возеры да самага замка і на жалейцы падаў голас сваёй каханай. Князёўне ўдалося выбрацца з вежы, і маладыя людзі кінуліся наўцёкі.

Стража падняла шум. Князь падняў на ногі ўсю чэлядзь, каб злавіць уцекачоў. Ён убачыў дачку і пастуха на чаўне сярод хваль, калі возера асвяціла бліскавіца. І зноў усё знікла ў непрагляднай цемры. Мала-памалу навальніца прайшла, а як стала зусім светла, на возеры нікога ўжо не было. Возера паглынула ўцекачоў. Тады ў роспачы бацька пракляў і возера, і рэчку, якія ў той самы момант праваліліся ў зямлю. Месца гэтае пасля таго сталі клікаць па імені закаханых: Колі і Полі — Ко-Поль, а пазней Капыль, ды так і засталося — Капыль. І сёння Капыль.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *