Замыкай

Автор: | Ноябрь 5, 2017
elaruskiya-narodnyya-kazki-zamykaj

Замыкай.

Вёз чалавек у горад дровы прадаваць. Даганяе яго пан у брычцы.

— Гэй, мужык! — крычыць пан. — Прэч з дарогі!

Мужык пакінуў воз, сышоў з дарогі і кажа:

— Едзь, пане, хоць да д’ябла!

Пан падумаў, што мужык дурны, не зразумеў яго.

— Прэч з канём! — растлумачыў ён мужыку.

Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Узлаваўся пан на мужыка:

— Прэч з возам, пся крэў!

— То так бы ты адразу і казаў! — усміхнуўся мужык.

Запрог ён каня і з’ехаў з дарогі.

Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Ходзіць па рынку ды распытваецца, хто прадае авёс. Падышоў і да таго чалавека, якога ўчора дагнаў на дарозе. Людзей на рынку многа, і пан яго не пазнаў.

— Ці не чуваць тут аўса? — пытаецца пан у мужыка.

— Аўса? — перапытаў мужык.

— Але, аўса.

— Пачакай, пане, — кажа мужык, — зараз даведаемся.

Узлез ён на воз і ветрыць носам. Панюхаў, панюхаў і адказвае:

— Не, пане, не чуваць…

Бачыць пан — жартуе з яго мужык.

— Ці не ўчарашні ты? — пытаецца пан.

— Бадай цябе, пане, качкі стапталі! — адказвае мужык. — Мне ўжо гадоў за сорак мінула, а ты кажаш — учарашні!

Пан злуецца:

— Чый ты, мужык?

— Мар’янін.

— А хто Мар’яна?

— Жонка мая.

— А хто ў вас старшы?

— Ёсць у нас, пане, адна бабка, Даміцэля, дык ёй ужо гадоў за сотню будзе: яна за ўсіх старэйшая.

Плюнуў пан:

— Я не аб тым цябе пытаю: каго вы слухаеце?

— А-а… То так бы і казаў! Ёсць у нас у вёсцы хлопчык гадоў васьмі ці дзевяці. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць.

— Ды не! — тупае пан. — Я пытаюся, каго ты баішся?

— А-а… Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся: хто каля Шліпавага двара ідзе, палку нясе.

— Вось жа бесталковы мужык! Я пытаюся, хто ў вас вышэй за ўсіх!

— А ёсць у нас, пане, мужык Аўдзей — ён за ўсіх вышэй.

Бачыць пан, што з мужыком не згаварыцца, пачаў у другіх дапытвацца, чый гэта мужык: якога пана.

Дапытаўся і паехаў да таго пана.

— Твой мужык з мяне жартуе, — скардзіцца ён пану.

Загадаў пан цівуну прывесці мужыка на допыт.

Павёў цівун мужыка ў панскія пакоі. Мужык ішоў ззаду за цівуном і не зачыніў за сабою дзверы. Пан убачыў гэта і закрычаў:

— Мужык, замыкай!

— Му-у! — замыкаў мужык на ўвесь пакой.

Пан аж за галаву хапіўся.

— Ну, бачыш, — кажа ён прыезджаму пану, — ён і з мяне жартуе! Што ж мне з ім рабіць?

— Даць розаг! — раіць пан-госць.

— Гэй, цівун, даць мужыку розаг! — загадаў пан.

Прынёс цівун пук розаг. Мужык узяў розгі ў цівуна з рук і пакланіўся панам:

— Дзякуй вам, паночкі, за розгі: яны мне ў гаспадарцы спатрэбяцца.

Паны так і аслупянелі — не маглі нічога адказаць мужыку. А той узяў розгі пад паху ды шусь за парог.

 

Иллюстратор:  Валерий Слаук.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_9262

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *