Зайздросны дзядзька

Автор: | Ноябрь 4, 2017
-belaruskiya-narodnyya-kazki-zajzdrosny-dzyadzka

Зайздросны дзядзька.

Жылі два браты: адзін бедны, другі багаты. Бедны, паміраючы, сказаў сваім сынам-падлеткам:

— Глядзіце на дзядзьку: што ён будзе рабіць, тое рабіце і вы.

Так сыны і рабілі, як бацька навучыў.

Добра сталі жыць браты. А дзядзька аж чарнее ад зайздрасці: гэтак, чаго добрага, пляменнічкі стануць багацейшыя за яго!

Пайшоў аднаго разу да дзядзькі меншы брат даведацца, што ён заўтра будзе рабіць. А дзядзька і кажа:

— Буду двор каля хлявоў капаць…

Вярнуўся брат і расказаў старэйшаму, што іх дзядзька збіраецца рабіць.

— Добра, — кажа брат, — будзем і мы двор капаць.

Капнулі браты разоў колькі і знайшлі цудоўны камень — блішчыць, як сонца!

Пакруцілі хлопцы камень у руках — не ведаюць, што гэта такое.

— Занясём яго, бадай, пану, — кажа старэйшы брат. — Можа, ён ведае.

Узяў пан камень і даў хлопцам за яго цэлы воз збажыны.

Зажылі браты яшчэ лепш, чым раней. А дзядзьку яшчэ большая зайздрасць грызе.

— Скажыце, — пытаецца ён у хлопцаў, — чым гэта вы дагадзілі пану, што ён вам гэтулькі збажыны не пашкадаваў?

— А нічым асаблівым, — кажа старэйшы брат. — Даведаліся, што пан вельмі любіць на абед жаб. Ну, налавілі мы іх цэлую торбу ды і прынеслі яму як падарунак. За гэта ён нас і ўзнагародзіў.

Пабег зайздросны дзядзька на балота, налавіў цэлы мех жаб і павалок пану. Прыйшоў і кланяецца:

— Добры дзень, панок!

— Ну, што скажаш, Кузьма? — пытаецца пан.

— Ды вось прынёс пану гасцінец.

— Які гасцінец?

— Такі, як пляменнікі прыносілі. Хачу таксама мець ад пана ўзнагароду.

Развязаў Кузьма мех і высыпаў на панскі стол свой гасцінец…

belaruskiya-narodnyya-kazki-zajzdrosny-dzyadzka

Зайздросны дзядзька. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Пан так і падскочыў разам з крэслам.

— Ах ты, нягоднік! — закрычаў ён. — Дык ты з мяне жартаваць надумаўся? Гэй, слугі! На стайню яго!

Схапілі панскія слугі прагнага дзядзьку, пацягнулі на стайню ды так яго ўзнагародзілі, што ён ледзьве ачухаўся.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *