Як мужык царскага генерала правучыў

Автор: | Ноябрь 7, 2017
Як мужык царскага генерала правучыў

Як мужык царскага генерала правучыў.

Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Ачысціў яго ад пяску і думае: «Што ж мне з ім рабіць? Занесці пану, дык пан адбярэ і нічога за яго не дасць. Занесці карчмару, дык той ашукае: скажа, што гэга не золата. Пакінуць дома — могуць зладзеі ўкрасці… Не, панясу лепш самому цару. Што ён дасць, тое і вазьму».

Апрануў мужык новую світку, абуў новыя лапці і панёс цару золата.

Можа, тыдзень ішоў, можа, два,— прыходзіць нарэшце ў царскую сталіцу. Падышоў да царскага палаца.

— Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат.

— Да цара, служывенькі.

— Чаго?

— Ды вось нясу яму кавалак золата.

Салдат прапусціў мужыка за браму.

Падышоў ён да царскіх пакояў. А там на варце сам царскі генерал стаіць.

— Куды, мужык, лезеш? — грозна закрычаў генерал на мужыка.

— Да цара,— кажа мужык.

— Чаго?

— Ды вось, капаў я склеп на агародзе і выкапаў кавалак золата. Дык нясу цару — можа, ён што дасць за яго.

— Пакажы,— кажа генерал,— золата.

Паказаў яму мужык золата. Паглядзеў генерал: праўда, што золата.

Падумаў генерал, паскуб сябе за вусы і кажа:

— Калі дасі мне палавіну таго, што табе цар за золата дасць, дык пушчу, а не — дык ідзі назад.

— Добра, панок, дам! — кажа мужык.

Генерал далажыў цару. Цар выйшаў, забраў золата і пытаецца ў мужыка:

— Што ж табе, мужычок, даць за яго?

— А нічога, царочак-паночак. Калі ёсць чым пачаставаць, то пачастуй: бо я з вялікай дарогі, дужа есці захацеў.

Цар загадаў, і слугі прынеслі мужыку каравай белага хлеба і бутэльку віна.

Паглядзеў мужык на далікатны пачастунак і кажа:

— Царочак-паночак! Мой дзед і прадзед такога хлеба не елі, такога віна не пілі,— і я да гэтага не прывык. Ці няма ў цябе салдацкага хлеба і простай гарэлкі?

Прынеслі мужыку чорнага салдацкага хлеба і гарэлкі. Наеўся, падпіў трохі і дзякуе цару.

— Ну, а што яшчэ ты хочаш, мужычок?

— А нічога, царочак-паночак. Цяпер дазволь паскакаць трохі ў тваіх пакоях.

— Гэй, музыку! — клікнуў цар.

Прыйшла палкавая музыка.

— Не,— кажа мужык,— я пад такую музыку не ўмею скакаць.

— А пад якую ж ты ўмееш?

— Пад дуду.

Знайшлі дудара з дудою. Зайграў дудар, а мужык як пайшоў скакаць, аж царскія пакоі трасуцца. Наскакаўся ўволю, усе лапці стаптаў, а потым кажа:

— До.

Дудар перастаў іграць.

— А цяпер, царочак-паночак,— кажа мужык,— ёсць у мяне яшчэ адна, апошняя просьба.

— Якая?

— Ды вось я табе тут нашумеў, насмяціў сваімі лапцямі,— дык дай мне за гэта сто розаг.

— Навошта табе розгі? — кажа цар.— Ты ж мне золата прынёс!

— Не, царочак-паночак, дай розаг, бо я ад цябе так не пайду.

Ну, рабіць няма чаго. Паклікаў цар катаў з розгамі. Палажылі мужыка на ўслон. Каты намачылі розгі ў салёнай вадзе і падрыхтаваліся біць яго.

А мужык раптам як закрычыць:

— Пачакай, царочак-паночак! У мяне ёсць палавіннік.

— Які палавіннік?

— Ды вось, калі я ішоў да цябе, дык мяне тут адзін твой генерал не пускаў. «Калі дасі,— кажа,— палавіну таго, што табе цар дасць за золата, то пушчу». Я абяцаў яму аддаць палавіну. Дык дайце яму першаму яго палавіну — усё ж ён не мне раўня, я яму сваю чаргу мушу пераступіць.

Прывялі генерала. Убачыў ён розгі, задрыжаў, пачаў нешта гаварыць, ды язык яго не слухаецца.

А мужык кажа:

— Не бойся, панок-генерал, я цябе не ашукаю: тваю долю спаўна аддаю. Дайце яму пяцьдзесят, а потым рэшту мне.

Раздзелі генерала, палажылі на ўслоне і пачалі лупцаваць розгамі.

Як налічылі роўна пяцьдзесят, мужык кажа:

— Царочак-паночак! Ён табе добра служыць, дай яму і маю палавіну. Мне не шкада.

Далі генералу яшчэ пяцьдзесят розаг. А мужык шапку ў ахапку ды за парог.

Источник: https://be.wikisource.org 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *