Упартая жонка

Автор: | Ноябрь 7, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-upartaya-zhonka

Упартая жонка.

 Касіў мужык сена. Прыносіць яму жонка абед. Паглядзела на пакошу і кажа:

— Вось жа скасіў, як выстрыг!

Мужык пакруціў галавою:

— Не выстрыг, а выгаліў. Ці ж не бачыш: ніводнай травінкі не пакінуў.

— Не выгаліў, а выстрыг! — запярэчыла жонка. Бо, трэба сказаць, была яна з тых жонак, якія заўсёды мужыкам пярэчаць,— варта ці не варта.

Мужык узлаваўся: як гэта, каб усё было так, як жонка захоча!

— Не выстрыг, а выгаліў! — не здаваўся ён.

І пайшла ў іх спрэчка на ўсю ваколіцу:

— Выстрыг!

— Выгаліў!

— Стрыжана!

— Голена…

Спрачаліся, спрачаліся, а да згоды так і не прыйшлі.

Плюнула тады жонка са злосці ды пабегла тапіцца. Балазе блізка рэчка была. Ускочыла ў ваду па самыя вушы і ўсё сваё крычыць:

— Стрыжана!

— Голена! — стаіць на сваім мужык.

Вось жонка ўжо і з галавою схавалася, крычаць нельга, дык яна два пальцы выставіла, стрыжэ імі над вадою: стрыг, стрыг! А мужык, як бык, упёрся:

— Не, любая жоначка, на гэты раз, здаецца, я цябе пераспрачаю.

Так яно і было.

 

Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_9771

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *