Старыя, як малыя

Автор: | Ноябрь 7, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-staryya-yak-malyya

Старыя, як малыя.

Пасвілі ў адной вёсцы авечак два пастухі — Дзямʼян і Раман. Абодва немаладыя ўжо.

Дзямʼян быў чалавек справядлівы, работу сваю рабіў сумленна. А Раман усё хітраваў. Бегаць за авечкамі ленаваўся: то ў яго нага раптам забаліць, то жывот схопіць. А што лепшае ў торбу трапляла ад гаспадароў — першы зʼядаў.

Не падабаўся Дзямʼяну яго таварыш. Ды што зробіш? Цярпеў да пары да часу.

Аднаго разу ў свята гаспадары расшчодрыліся і паклалі пастухам у торбу з дзясятак яек і добры кавалак сала.

Узялі старыя пастухі з сабою патэльню і пачалі ў полі агонь раскладаць, каб яечню пячы. Гамоняць пра тое ды сёе. Світкі паскідалі — цёпла стала каля агню.

— А помніш, як мы з табою малыя былі? — кажа Раман.

— Дзіва што помню, — адказвае Дзямʼян. — Ты тады ўсё ў чужыя сады лазіў… І авечак мы з табою таксама разам тады пасвілі.

— Але,— згаджаецца Раман. — А помніш, як мы гаварылі тады? Не так, як цяпер.

— Пэўна ж не так. На авечак казалі авецацкі, на агонь — жыжа або зыза…

— Дык давай, братка Дзямʼян, і цяпер так пагаворым. Гэта ж вельмі цікава.

— Давай.

І пачалі яны гаварыць, як малыя.

— Ты, Раманацка, кладзі галавесацкі, а я нарэзу сквалацак у яецаньку.

— Добра, Дзямʼянацка. Налэз сквалацак.

Як толькі спяклася яечня, Раман глянуў на авечак і кажа:

— Дзямʼянацка! Вунь авецацкі ў яцмені… Бязы адгані. А я яецаньку павалтую.

Усхапіўся паслухмяны Дзямʼян і пабег да авечак. А хітры Раман тым часам хоп-хоп і зʼеў усё яечню з салам…

Вярнуўся Дзямʼян. Глядзіць — патэльня пустая.

— А дзе ж яецанька? — пытаецца.

— Жыжа гам-гаад, — адказвае Раман і аблізваецца.

Ну, жыжа дык жыжа. Нічога не зробіш.

Паселі яны ды зноў гамоняць, як малыя. А тут авечкі — шусь у той жа ячмень.

— Бязы, Дзямʼянацка, адгані іх далей, — кажа Раман.

— Не, — упёрся Дзямʼян. — Цяпел твая цалга…

— У мяне зывот баліць…

— А ты не зыватом, а нагамі бязы.

Давялося на гэты раз Раману самому бегчы да авечак. А Дзямʼян тым часам хоп новую Раманаву світку ды ў агонь…

Вярнуўся Раман. Бачыць — світкі няма.

— А дзе з мая світка, Дзямʼянацка?

— Яе жыжа гам-гам… — развёў рукамі Дзямʼян.

Узлаваўся Раман і падаў на Дзямʼяна ў суд за тое, што спаліў новую яго світку.

Выклікае суддзя Дзямʼяна і Рамана на суд.

— Ты, Дзямʼян, навошта спаліў Раманаву світку? — пытаецца.

— Пан суддзя, — кажа Дзямʼян, — запытайце лепш у яго, калі гэта было.

— А ці ж ён, гіцаль, не помніць? — кажа Раман. — Бачыш, памяць у яго адабрала, як я ў суд падаў? Гэта было, пан суддзя, тады, калі мы малымі былі, па-дзіцячаму гаманілі ў полі каля агню. Няхай успомніць.

— Але, — кажа Дзямʼян, — гэта было мо з паўсотні гадоў таму назад…

Узлаваўся суддзя на Рамана, закрычаў:

— Што ж ты, стары дурань, мне даўнейшае ўспамінаеш? Трэба было тады і на суд падаваць, а не цяпер!

І выгнаў Рамана з суда.

Перастаў ён з таго часу хітрыкамі займацца.

 

Иллюстратор:  Валерий Слаук.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_9865

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *