Стары бацька

Автор: | Ноябрь 11, 2017
Беларускія народныя казкі. Стары бацька.

Стары бацька.

Даўней было так: як састарэе бацька, то сын завязе яго ў глухую пушчу ды і пакіне там…

Вось аднаго разу павёз сын бацьку ў пушчу. Шкада яму бацькі — моцна любіў ён яго, але што зробіш? Не павязеш — людзі смяяцца будуць: старых, скажуць, звычаяў не трымаецца. Яшчэ з сяла выганяць…

Едзе ён так маркотны, аж бацька і кажа яму:

— Няўжо ты, сынку, мяне, старога ды нядужага, аднаго ў пушчы пакінеш?

Падумаў сын, змахнуў слязу і кажа:

— Не, бацька, не пакіну. Але для людзей хоць трэба зрабіць гэта. Уночы я прыеду па цябе, забяру і буду трымаць да смерці ў цёмнай каморцы, каб ніхто не бачыў.

Так сын і зрабіў.

Як прыйшла ноч, прывёз ён бацьку з пушчы ды схаваў у цёмнай каморцы.

Здарылася няшчасце: град усё жыта выбіў, і няма чым нават новага пасеяць.

Прыйшоў сын да бацькі ў цёмную каморку, бядуе:

— Што рабіць? Не пасеем жыта — і налета без хлеба будзем.

Бацька кажа:

— Не, сынку, пакуль я жыў, без хлеба мы не будзем. Слухай мяне. Як ты быў яшчэ малы, тады я гумно ставіў. А ў тым годзе быў вельмі ж добры ўраджай.

Дык я немалочаным жытам гумно накрыў. Здзяры страху, абмалаці і мецьмеш насенне.

Сын так і зрабіў. Садраў страху з гумна, абмалаціў і пасеяў увосень жыта.

Суседзі дзівяцца: адкуль ён насенне ўзяў?

А сын маўчыць, бо нельга ж прызнацца, што гэта стары бацька яму памог.

Прыйшла зіма. Няма чаго есці. Зноў ідзе сын да бацькі ў цёмную каморку.

— Так і так, — кажа, — давядзецца з голаду паміраць…

— Не, — кажа бацька, — з голаду не памром. Слухай, што я табе скажу. Вазьмі рыдлёўку ды пакапайся ў хаце пад лаваю. Там я некалі, як быў яшчэ малады і дужы, закапаў трохі грошай на чорны дзень. Жыццё, сынку, пражыць — не поле перайсці: усё можа здарыцца. Так я думаў, так і рабіў.

Зарадаваўся сын, выкапаў бацькавы грошы і купіў збожжа. Сам з сям’ёю хлеб есць ды яшчэ і суседзям пазычае. Вось яны і пытаюцца ў яго:

— Скажы ты нам, браце, адкуль ты хлеб бярэш?

Прызнаўся сын.

— Бацька, — кажа, — мяне корміць.

— Як жа так? — дзівяцца суседзі. — Ты ж завёз свайго бацьку ў лес, як і ўсе добрыя сыны!

— Не, — кажа ён, — я не рабіў так, як вы робіце, а пакінуў бацьку пры сабе дажываць веку. Затое, як прыйшла бяда, — бацька мне і памог. Старыя людзі большы розум маюць, чым маладыя.

Перасталі з таго часу сыны бацькоў у пушчу вазіць, а пачалі пад старасць шанаваць іх і даглядаць.

 

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *