Сіняя світа налева пашыта

Автор: | Ноябрь 10, 2017
-belaruskiya-narodnyya-kazki-sinyaya-svita-naleva-pashyta

Сіняя світа налева пашыта.

Жыў-быў цар-чараўнік. Клікнуў ён кліч па ўсім царстве: «Хто схаваецца ад мяне, таму паўцарства аддаю!»

Знайшоўся такі ахвотнік — Сіняя світа налева пашыта. Прыходзіць ён да цара-чараўніка.

— Я, — кажа, — бяруся схавацца так, што ты мяне не знойдзеш.

— Добра, — кажа цар. — Калі схаваешся — паўцарства табе, а не — галава з плеч. Распішыся.

Распісаўся Сіняя світа і давай хавацца. Перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам.

Як бегчы, дык бегчы — забег у трыдзевятае царства.

А ў тым царстве быў дужа вялікі луг. Прыбег ён на той луг і перакінуўся ў тры кветкі.

На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу і кажа:

— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег на вялікі луг у тры-дзевятае царства і перакінуўся ў тры кветкі розных колераў.

Паклікаў цар слуг і загадаў ім схадзіць у тое царства і прынесці з вялікага лугу тры кветкі розных колераў.

Пайшлі слугі. Доўга ішлі ці нядоўга, але дайшлі да вялікага лугу, сарвалі тры кветкі, загарнулі ў хустачку і прынеслі цару.

Цар разгарнуў хустачку і смяецца:

— А што, Сіняя світа, ці схаваўся ты ад мяне?

Сіняя світа перакінуўся ў чалавека і кажа:

— Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз.

Цар дазволіў.

Сіняя світа налева пашыта перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, дык бегчы — забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства. А ў тым царстве ёсць такое балота, што зверху мох, а пад нізам возера. Зайшоў ён у мох, перакінуўся ў рыбу-акуня, забраўся на самае дно возера і сядзіць там.

Раніцай цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу і кажа:

— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Забег за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, перакінуўся ў рыбу-акуня і схаваўся ў мохавым балоце!

Загадаў цар сваім слугам ісці ў трыдзесятае царства ачысціць мохавае балота і злавіць там акуня.

Слугі так і зрабілі: ачысцілі балота, закінулі невады і злавілі акуня. Загарнулі яго ў хустачку, прынеслі цару.

— Ну што, Сіняя світа налева пашыта, ці схаваўся ты ад мяне і другі раз? — смяецца цар.

Сіняя світа перакінуўся ў чалавека і кажа:

— Дазволь, цар, схавацца яшчэ раз.

Цар дазволіў.

Сіняя світа перад царом стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам. Як бегчы, дык бегчы — забег у трыдзесятае царства, дзе расце такі дуб, што карэнні ў зямлі, а вяршыня ў небе. Узлез ён на дуб, перакінуўся ў іголку, зашыўся пад кару і сядзіць там. Прыляцела на дуб птушка Нагай, пачула нюхам, што пад карою чалавек сядзіць, ды пытаецца:

— Хто тут?

— Я, — кажа Сіняя світа.

— А чаго ты сюды залез?

— Ды вось узяўся я ад цара-чараўніка схавацца, а ніяк не ўдаецца.

— Хочаш, я цябе схаваю.

— Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.

Птушка Нагай перакінула яго ў пярынку, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху.

Раніцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнічую кнігу і кажа:

— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным сабалём, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсць там дуб, што карэнні ў зямлі, а вяршыня ў небе. Забраўся ён пад яго кару і сядзіць там, перакінуўшыся ў іголку.

Загадаў цар слугам спілаваць дуб, пакалоць на дровы і спаліць.

Слугі так і зрабілі, а Сіняй світы не знайшлі. Прыходзяць і кажуць цару:

— Няма Сіняй світы.

— Як няма? — усхадзіўся цар. — Не можа гэтага быць!

— Няма, і ўсё, — кажуць слугі.

Выйшаў цар на ганак, пачаў клікаць:

— Сіняя світа налева пашыта, пакажыся!

— Збяры, — адказвае Сіняя світа, — сваіх генералаў, тады пакажуся.

Цар чуе голас Сіняй світы, а не ведае, адкуль ідзе той голас. Круціўся ён, круціўся, усюды заглядваў, а Сіняя світа як вадой разліўся.

Ну, рабіць няма чаго, сабраў цар сваіх генералаў. Выйшаў на ганак і зноў кліча:

— Сіняя світа, пакажыся!

— Не, — чуе голас Сіняй світы, — спярша пры генералах адпішы мне палавіну царства, тады пакажуся. Бо ты падманеш — я цябе ведаю!

Як ні не хацелася цару, а прыйшлося аддаць палавіну царства. Толькі паставіў ён пры генералах на ўказе сваю царскую пячатку, як з-за пазухі яго вылецела лёгкая пярынка і стала добрым малайцом.

— Вось і я! — кажа Сіняя світа.

Схапіў ён той указ — ды сабе ў кішэнь.

Перастаў тады цар-чараўнік хованкамі займацца.

 

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *