Самы мудры

Автор: | Ноябрь 10, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-samy-mudry

Самы мудры.

 У аднаго палкоўніка здох любімы конь. Пабедаваў палкоўнік ды паслаў дзяншчыка шукаць шкурадзёра.

Прыйшоў дзяншчык у вёску. Каго ні пакліча, усе адмаўляюцца. «Не навучаны, — кажуць, — мы гэтым займацца. Схадзі ты, чалавеча, да панскага цівуна, ён на такія штукі майстар: здзярэ так, што лепш і не трэба».

«Жартуюць, — думае дзяншчык, — які ж гэта цівун згодзіцца з дохлага каня шкуру здзіраць?»

А трэба палкоўніцкі загад выконваць.

Пайшоў дзяншчык да цівуна.

— Хто тут у вас самы мудры? — пытаецца. — Палкоўнік хоча яго ўзнагародзіць.

Пачуў цівун пра ўзнагароду і кажа:

— Ды, здаецца, апрача мяне, нікога няма. Я за ўсіх мудрэйшы.

— Ну, дык хадзем хутчэй, — сказаў дзяншчык і пацягнуў цівуна ў полк.

Прыйшлі да палкоўніка.

— Вось, пан палкоўнік, — кажа дзяншчык, — самага мудрага шкурадзёра знайшоў.

Вылупіў цівун вочы, хацеў нешта сказаць, а палкоўнік нож яму ў рукі:

— Ідзі злупі шкуру з каня! Кругом! Шагам марш!

Сагнуўся цівун, прыкусіў язык і пайшоў шкуру здзіраць.

З таго часу ўжо болей не лічыў ён сябе самым мудрым.

 Иллюстратор:  Валерий Слаук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *