Рыжы і лысы

Автор: | Ноябрь 6, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-ryzhy-i-lysy

 

Рыжы і лысы.

Сабраўся адзін хлопец ехаць у горад па сваіх справах. Бацька кажа яму:

— Толькі асцерагайся, сынок, рыжых і лысых.

— Чаму?

— Бо рыжыя надта хітрыя, а лысыя надта разумныя…

Пасмяяўся сын з бацькавай навукі і паехаў.

Трапілася па дарозе карчма. Зайшоў сын у карчму і папрасіў абед. Рыжы карчмар падаў яму міску капусты.

Есць хлопец капусту ды пахвальвае:

— Вось смачная яда, кожная лыжка цэлага рубля каштуе!

Пачуў гэта карчмар, узяў крэйду і, як толькі зачэрпне хлопец лыжку капусты, — чырк пад сталом крэйдаю.

Наеўся хлопец і пытаецца ў карчмара:

— Ну, колькі ж за капусту табе плаціць?

— Сто рублёў, — кажа карчмар. — Па рублю за лыжку, як сам гаварыў.

— Адкуль жа ты ведаеш, колькі я лыжак з’еў?

Перакуліў карчмар стол і пачаў лічыць палачкі.

Налічыў роўна сотню.

«Вось, — падумаў сам сабе хлопец, — праўду такі бацька казаў — асцерагайся рыжых».

І як ні прасіў ён — забраў карчмар усе яго грошы. Паехаў хлопец назад: без грошай жа ў горадзе рабіць няма чаго. Раптам бачыць: едзе насустрач нейкі чалавек у брычцы, без шапкі, а галава лысая, блішчыць на сонцы, як патэльня. «Ну, — думае хлопец, — цяпер я зусім прапаў: рыжы грошы забраў, а гэтаму і каня, бадай, з возам давядзецца аддаць». Завярнуў ён з дарогі і памчаўся ў лес.

«Гэта злодзей, відаць, нейкі, калі ад людзей уцякае», — падумаў лысы і кінуўся наўздагон. Дагнаў хлопца, схапіў за каўнер:

— Прызнавайся, што ўкраў?

Бачыць хлопец: нічога не зробіш, і расказаў лысаму, чаму ён так яго напалохаўся.

Пасмяяўся лысы і кажа:

— Добра, паедзем назад, я табе грошы вярну.

Прыехалі яны ў карчму, лысы паглядзеў туды-сюды, бачыць: ляжыць на калодзе цялячая лапатка. Падышоў ён да карчмара, пастукаў яго па плячы і пытаецца:

— Колькі каштуе твая лапатка?

Карчмар падумаў, што той хоча купіць цялячую лапатку, і кажа:

— Тры рублі.

Дастаў лысы тры рублі, заплаціў, узяў нож і загадвае карчмару:

— Скідай пінжак.

— Навошта? — здзівіўся карчмар.

— А то я сапсую яго, калі буду выразаць у цябе лапатку.

— Што ты, чалавеча, — заенчыў карчмар, — хіба ж можна за тры рублі сваю лапатку прадаць?

— А хіба можна сто рублёў за міску капусты браць? — кажа лысы.

І як ні выкручваўся хітры карчмар, а давялося яму вярнуць хлопцу грошы. Ды яшчэ і сваіх палавіну аддаў лысаму, каб той лапатку не выразаў.

Зарадаваўся хлопец і дзякуе лысаму:

— Дай бог, — кажа, — каб і ва ўсіх так галовы аблыселі, як у цябе. Тады б мне не прыйшлося нікога асцерагацца.

 

Иллюстратор:  Валерий Слаук.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_10019

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *