Пшанічны каласок

Автор: | Ноябрь 6, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-pshanichny-kalasok

 

Пшанічны каласок.

Жылі на адным двары курачка Сакатушка, гусак Шыпун ды індык Балбатун.

Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак Шыпун і індык Балбатун толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабою спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы.

— У мяне галава большая, — хваліўся гусак, — дык і розуму ў ёй больш!

Індык з гэтым не згаджаўся.

— Галава ў цябе вялікая, гэта праўда, ды дурная, як бот, — казаў ён.

— Ну, няхай сабе галава дурная, — адказваў гусак, — затое нос які ў мяне! Моцны, цвёрды, прыгожы… А ў цябе што за нос — смех адзін! Чарвяк, а не нос!

І гусак і індык былі страшэнныя гультаі. Яды шукаць сабе ленаваліся і таму часта галадалі. Каб не карміла іх сяды-тады гаспадыня, дык даўно б гультаёў і на свеце не было.

Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:

— Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!

Пачулі пра такую навіну Шыпун і Балбатун.

— Ану, пакажы!

Курачка паказала ім каласок. Індык панюхаў каласок сваім носам-чарвяком.

— Так, так, — сказаў ён, — каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.

— Ага, ага, — згадзіўся і гусак. — Трэба змалаціць. Тады будуць зярняткі. А яны смачныя… Ага, ага!

— Добра, — сказала курачка. — А хто яго змалоціць?

— Толькі не я! — адказаў гусак. — Я тоўсты, мне цяжка цэпам махаць.

— Дык што ж, ты хочаш, каб я малаціў? — горача забалбатаў індык. — Я табе не парабак!

— Ну добра, — сказала курачка, — я сама змалачу.

Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок. Прынесла зярняткі і цешыцца:

— Глядзіце, якія цудоўныя зярняткі! Чырванаваценькія, пузаценькія! Яны, напэўна, смачнейшыя за ячменныя.

Падышлі да зярнятак і гусак з індыком.

— Так, так, — сказаў індык. — Цудоўныя зярняткі.

— Ага, ага, — пацвердзіў гусак. — Аж шкада дзяўбці.

— І не трэба дзяўбці. Іх трэба змалоць, ды напячы булак, — падаў разумную параду індык.

— Ага, ага, — згадзіўся гусак. — Пшанічныя булкі мяккія, як мой пух. А смачныя якія!

— Добра, — сказала курачка. — А хто змеле пшанічныя зярняткі?

— Толькі не я! — буркнуў гусак. — Мне цяжка ў млын хадзіць.

— І не я! — усклікнуў індык. — З такою простаю работаю і дурны гусак справіцца.

— Ну што ж, — сказала курачка, — калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.

Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.

— Ай, якая бялюткая мука! — засакатала курачка на ўвесь двор.

Індык панюхаў муку.

— Так, так, — сказаў ён, — добра пахне. Значыць, смачныя будуць булкі.

— Ага, ага, я ж казаў, што смачныя! — уставіў слова і гусак.

— Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі? — запыталася курачка.

Гусак пакруціў галавою:

— Я не ўмею…

Індык адказаў:

— Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.

— Ну добра, — сказала курачка, — тады я сама спяку.

Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы.

belaruskiya-narodnyya-kazki-pshanichny-kalasok

Пшанічны каласок. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ.

Булкі пачалі пячыся. І такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. А трэба сказаць, што яны даўно нічога не елі і так выгаладаліся, што нават спрачацца перасталі, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.

— Хадзем у хату, — сказаў індык, — відаць, булкі ўжо гатовы.

— Ага, ага, — адказаў гусак. — Хадзем, брат, у хату.

Прыйшлі індык з гусаком у хату, а там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.

— Так, так, — весела загаварыў індык, — якраз у пару прыйшлі.

— Ага, ага, — заківаў галавою гусак і першы падаўся за стол. Індык — за ім.

Але курачка спыніла іх:

— Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Перш чым садзіцца за стол, адкажыце мне на мае пытанні.

— Давай свае пытанні! — сярдзіта прашыпеў гусак. — Толькі хутчэй.

— Але, толькі хутчэй, — шпарка забалбатаў і індык. — А то дужа есці хочацца…

— Дык слухайце! Хто пшанічны каласок знайшоў?

— Ты, курачка, вядома, ты знайшла, — адказалі індык і гусак у адзін голас.

— Хто змалаціў каласок?

— Ты, курачка, змалаціла.

— Хто зярняткі ў млын насіў?

— Ты насіла…

— А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?

Пераглянуліся паміж сабою індык з гусаком і адказалі:

— Ты, вядома… За гэта табе і слава.

belaruskiya-narodnyya-kazki-pshanichny-kalasok

Пшанічны каласок. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

— Дык вось, — сказала курачка Сакатушка, — каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.

Пазбягаліся з двара кураняткі і пачалі з курачкай частавацца свежымі пшанічнымі булкамі.

А галодныя гультаі індык і гусак зноў заспрачаліся, хто з іх важнейшы ды разумнейшы.

 

Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_8674

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *