Падчарыца і чорт

Автор: | Ноябрь 2, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-padcharytsa-i-chort

Падчарыца і чорт.

Жыла-была сабе адна мачаха. Была ў яе свая дачка і падчарка. Сваю дачку яна дужа любіла, а падчарку біла-пабівала, на цяжкую работу пасылала.

Прачнулася раз мачаха апоўначы ды піць захацела. І давай падчарку біць-будзіць.

— Ты такая ды гэтакая, бяры вёдры, ідзі ў крыніцу, прынясі мне чыстае вадзіцы!

Ускочыла падчарка бедненькая, схапіла вёдры і пабегла ў лес па ваду. Прыйшла да крыніцы, толькі нагнулася вады набраць, ажно як выскачыць адкуль касматы-рагаты з доўгім хвастом чорт. Бедная дзяўчына так і абамлела. А чорт прасцюсенька да яе:

— Дзеўка-дзяўчына, ці хочаш ты за мяне замуж ісці?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне тонкай кашулі няма?

Чорт даў нырца ў калодзеж ды ўжо нясе адтуль тонкую ды белую, як снег, кашулю.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, трымай! Ці хочаш цяпер ты за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне прыгожай спадніцы няма?

Чорт зноў — ныр у калодзеж! Глядзь — нясе дарагую ды ладную спадніцу.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш ты за мяне?

— Як жа мне ісці замуж за цябе, калі ў мяне ні шнуроўкі, ні фартуха няма?

Ну, — кажа чорт, — за гэтым справа не стане.

Зноў плюхнуўся ў ваду, ды нясе ясную, як сонца, шнуроўку. Ды жоўты-зялёны ў кветкі фартух.

— Усё, дзеўка-дзяўчына, цяпер ці пойдзеш ты за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне ні панчохаў, ні чаравікаў няма?

Няма куды чорту падзецца! Зноў у ваду лезе, нясе бялюсенькія панчошкі, чарнюсенькія чаравічкі.

— Цяпер, дзеўка, ці пойдзеш за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне і хусткі — ні белай, ні насавой — няма?

Чорт у калодзеж — ныр! Яшчэ нясе тонкую прыгожую хустку.

— Ну, цяпер, дзеўка, ці пойдзеш за мяне замуж? — кажа, засопшыся, чорт.

— А як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне грошай няма? Няма за што вяселле гуляць!

Плюнуў чорт ад злосці, палез у калодзеж ды цягне машонку, паўнюсенькую залатых ды срэбных грошай. А тым часам пакуль ён з калодзежа ды ў калодзеж лазіў, поўнач даўно прайшла. На светлае забіраць стала. А дзеўка тут і заспявала:

— Спявайце, куры, рана, што мяне спаткала рагатая-барадатая, на грошы багатая! Чур мяне, чур!

А пеўні ў вёсцы ўзялі ды заспявалі. Чорт як стаяў, дык і чабурдыхнуўся ў крыніцу, ажно вада закіпела — так і праваліўся. А дзяўчына схапіла ўборы дый грошы з машной і пабегла дадому, не аглядаючыся. Ажно пра вёдры забылася. А ў хаце мачаха — вады не дачакаецца, са злосці спаць не лажыцца. Устала ды раздзьмула лучыну. Толькі падчарка на парог, яна як кінецца да яе з паленам.

— Ат ты такая ды гэтакая, дзе ты была, дзе ты дасюль хадзіла?!

Тут стала падчарка расказваць: так і так, ды ўборы і грошы паказваць. Мачаха так і ахнула, убачыўшы тыя рэчы красныя ды ясныя, ды грошы залатыя! Дый біць забылася. Ходзіць ды думае: як гэта ўсяго харошага ды прыгожага для сваёй дачкі дастаць? Увесь дзень як не свая хадзіла. Насілу ночкі дачакалася. Як толькі поўнач, разбудзіла сваю дачку, дала ёй вёдры ў рукі і навучыла, як чаго прасіць. Дый паслала ў лес да калодзежа-крыніцы. Прыйшла тая дзяўчына да вады, нагнулася, а чорт — як тут быў!

— Дзеўка-дзяўчына, ці хочаш ты за мяне замуж ісці?

— А як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне ні кашулькі, ні спадніцы, ні фартуха, ні хусткі, ні панчохаў, ні чаравічкаў няма? І ні грошай няма на вяселле і машонкі таксама няма? — так усё разам вазьмі ды і скажы.

Чорт хвастом сцебануў, хуценька ў ваду ўскочыў і хуценька адтуль і лезе. Лезе — ажно пыхціць — столькі дабра нясе. Вынес усё і перад дзяўчынай палажыў.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш за мяне замуж?

А яна стаіць, як дурная, і не ведае, што яму далей казаць. Маці, чаго прасіць, навучыла, а як ад чорта адчурацца — не сказала! Чорт пачакаў трохі, а потым — грэб дзяўчыну за касу! — і пацягнуў да сябе ў калодзеж. Вось так яна там і прапала.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *