Ох і залатая табакерка

Автор: | Ноябрь 5, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-oh-i-zalataya-tabakerka

Ох і залатая табакерка.

Жыў сабе сіраціна Янка, леснікоў сын. Бацькі яго памерлі, а радні ніякай не было. Так і жыў ён адзін у лесе, у бацькавай хатцы. А каб весялей было, гадаваў пярэстага катка.

Прывык да яго каток. Бывала, куды гаспадар ідзе, туды і ён.

Пайшоў аднойчы Янка дровы збіраць. Ну, вядома, і каток за ім. Набраў Янка вязку галля, нясе дадому, а каток адну сухую галінку за ім цягне.

Змарыўся Янка, прысеў на пні, падумаў, як цяжка яму жыць на свеце, і застагнаў моцна сам сабе:

— Ох, ох!

І толькі ён так сказаў — выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з доўгаю барадою.

— Чаго ты мяне клікаў, дзяцюк? Паглядзеў Янка спалохана на дзядка і кажа:

— Не, дзедка, не клікаў я цябе.

— Як не клікаў? — заспрачаўся дзядок. — Я ж не глухі! Ты два разы назваў маё імя: Ох, Ох… Мусіш мне цяпер сказаць, што ты ад мяне патрабуеш.

Падумаў Янка і кажа:

— Нічога мне не трэба. Але я вельмі галодны. Калі маеш кавалак хлеба, то дай.

Ох нырнуў назад пад пень і праз нейкі час вынес адтуль кавалак хлеба і міску капусты.

— На, — кажа, — еш.

Наеўся сіраціна, катка накарміў і нізка пакланіўся дзядку:

— Дзякуй, дзедка, за абед: даўно такой смачнай стравы не еў. Узваліў ён на плечы свае дровы і весялей пайшоў дахаты.

Мінуў дзень-другі, зноў голад дакучае. Успомніў Янка пра дзядка. «Пайду, — думае, — ці не накорміць ён мяне яшчэ раз?»

Прыйшоў на тое месца, сеў на пень і ўздыхнуў:

— Ох!

Выскачыў дзядок:

— Што скажаш, дзяцюк? Пакланіўся яму Янка:

— Галодны я, дзедка. Ці не даў бы ты мне хоць кавалак хлеба?

Дзядок як бачыш вынес яму кавалак хлеба і міску капусты.

Так з таго часу і пайшло: захочацца Янку есці — ідзе да дзядка.

Аднойчы вынес яму дзядок замест абеду залатую табакерку.

— Вось што, хлопча, — кажа, — не турбуй ты мяне больш: я ўжо стары, і мне цяжка абед насіць. Вазьмі гэтую табакерку. Калі табе што патрэбна будзе, адчыні яе, і мой слуга адразу стане перад табою. Ён не горш за мяне зробіць усё, што ты яму загадаеш.

Узяў Янка залатую табакерку, шчыра падзякаваў дзядку і пайшоў, падскокваючы, дахаты.

Адчыніў дома залатую табакерку — выскачыў з яе маленькі чалавечак, але Не такі, як дзядок, а малады, шустры.

— Што загадаеш? — прагаварыў чалавечак да Янкі тоненькім галаском.

— Дай мне, братка, чаго-небудзь паесці!

Тут чалавечак як бачыш паставіў на стол міску капусты, палажыў добры кавалак жытняга хлеба, а сам ускочыў у залатую табакерку і зачыніўся.

Пажыў так Янка нейкі час, і захацелася яму ў свет пайсці, людзей паглядзець, сябе паказаць, бо ніколі ж ён нідзе, апроч свайго лесу, не быў. Узяў ён залатую табакерку, клікнуў катка і пайшоў.

Шмат абышоў ён вёсак, гарадоў, шмат чаго пабачыў, нарэшце прыйшоў да сіняга мора. Бачыць — ляжыць на беразе мора маленькая серабрыстая рыбка. Відаць, хваля выкінула яе ў час прыбою. Трапечацца рыбка, бʼецца аб каменне, пячэцца на сонцы, а ніяк назад у мора не трапіць.

Шкада стала Янку беднай рыбкі. Узяў ён яе асцярожна і ўкінуў у мора.

Вільнула рыбка хвосцікам, глынула вады, ачуняла, а потым высунула галоўку наверх і кажа чалавечым голасам:

— Дзякуй табе, малойча, што ты мяне ад смерці збавіў. Можа, будзе час, што і я табе ў чым-небудзь дапамагу.

Сказала так — і плюсь назад у ваду. Янка засмяяўся:

— Навошта мне, рыбка, твая дапамога, калі ў мяне ў кішэні не такі памочнік!

Але рыбка яго не пачула.

Пайшоў ён далей. Выбегла з норкі шэрая мышка. Каток цап яе за спіну і хацеў зʼесці.

Шкада стала Янку мышкі. Быў ён такі чалавек, што ўсіх шкадаваў, бо заўсёды помніў, як яму самому раней цяжка жылося. Узяў ён мышку, пагладзіў і пасадзіў у кішэнь, а потым дастаў з торбы скарыначку хлеба і кінуў ёй туды.

— Еш, — кажа, — ты ж, мусіць, галодная. Мышка і супакоілася, пачала грызці скарынку.

Ішоў ён так, ішоў берагам мора, тым часам і вечар настаў — трэба начлег шукаць. Бачыць — высіцца на гары вялікі палац. «Не, — думае Янка, — туды мяне не пусцяць». Пайшоў ён далей. Глядзіць — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Зайшоў Янка ў рыбацкую хатку і папрасіўся пераначаваць.

— Добра, — кажа гаспадар, — начуй сабе.

Разгаварыўся Янка з гаспадаром.

— Што гэта за палац мінуў я па дарозе? — пытаецца ён у гаспадара.

— Гэта каралеўскі палац, — кажа гаспадар. — Там сам кароль жыве. Але нядаўна здарылася ў яго бяда: прыляцеў у поўнач марскі змей, схапіў яго дачку і занёс на сваю заклятую марскую выспу, куды ні дайсці, ні даплысці нельга. Кароль цяпер аж валасы на галаве рве. Абвясціў на ўсё каралеўства: хто верне яму дачку, за таго аддасць яе замуж і ўсё каралеўства пасля сваёй смерці адпіша. Шмат прыязджала сюды розных князевічаў і каралевічаў, ды ніхто да выспы дабрацца не можа: марскі змей такія хвалі ўзнімае, што рады няма…

Падумаў Янка пра свайго цудоўнага памочніка з залатой табакеркі і кажа рыбаку:

— Накажы, калі ласка, каралю, што заўтра, пакуль сонца ўзыдзе, ён сваю дачку ўбачыць.

Рыбак пайшоў і расказаў пра гэта каралю. Паклікаў кароль да сябе Янку. Паглядзеў на яго, паціснуў плячыма: няўжо, думае, гэты просты мужык зробіць тое, чаго князевічы ды каралевічы не зрабілі? Не можа таго быць! Але каралю так хацелася сваю дачку ўбачыць, што ён не пасмеў адмовіцца лішні раз паспрабаваць шчасця. Вось ён і пытаецца ў Янкі:

— Ці праўда, хлопча, што ты бярэшся маю дачку з няволі выбавіць?

Пакланіўся Янка каралю і адказвае:

— Праўда, пане кароль. Ілгаць я не ўмею.

— Ну то глядзі, — кажа кароль, — каб заўтра да ўсходу сонца мая дачка была ў мяне, а не, дык загадаю разарваць цябе жалезнымі баронамі.

— Добра, — згадзіўся Янка. — Няхай будзе так.

Выйшаў ён з палаца, адчыніў залатую табакерку. Выскачыў з яе чалавечак:

belaruskiya-narodnyya-kazki-oh-i-zalataya-tabakerka

Ох і залатая табакерка. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

— Што загадаеш?

— Зрабі, браток, ласку: вылажы за ноч жалезны мост ад каралеўскага палаца да заклятай змеевай выспы і пастаў на ім залатую карэту з шасцю коньмі. Заўтра чуць свет я паеду на выспу.

— Добра, — кажа чалавечак, — усё будзе зроблена, як ты просіш.

Пайшоў Янка да рыбака і лёг спаць. Назаўтра ўстаў чуць свет, глядзіць — ляжыць жалезны мост ад каралеўскага палаца да змеевай выспы, а на мосце стаіць залатая карэта, шасцю коньмі запрэжаная, і каля коней яго памочнік з пугаю стаіць.

Падышоў Янка да свайго памочніка, выняў табакерку і кажа:

— Дзякую, браток. А цяпер ідзі адпачывай, бо ты, відаць, дужа змарыўся.

Чалавечак аддаў Янку пугу, а сам знік у залатой табакерцы. Сеў Янка ў карэту і паехаў па каралеўну. Прыязджае на выспу, бачыць — стаіць на ёй вялікі цёмны замак і з акна глядзіць здзіўленая каралеўна. Даўно не бачыла яна людзей і зарадавалася Янку, як роднаму бацьку.

— Хто ты такі? — пытаецца ў яго. — І чаго ты прыехаў сюды?

— Не пытайся, паненка, — адказвае Янка, — а садзіся хутчэй у карэту. Паедзем да твайго бацькі.

Яшчэ больш зарадавалася каралеўна, як пачула такія словы.

— Але ж я не магу праз дзверы выйсці: там пракляты змей спіць. Ён ноччу на здабычу лятае, а ўдзень каля дзвярэй адпачывае.

— То лезь праз акно.

— Баюся. Выставіў Янка рукі:

— Скакай!

Скокнула каралеўна з акна і якраз трапіла яму на рукі. Схапіў яе Янка, пасадзіў у карэту ды маланкаю памчаўся проста да каралеўскага палаца.

Пачуў змей грукат, усхапіўся, бачыць — няма каралеўны. Ён — наўздагон. Бяжыць, аж мост дрыжыць, агонь з зяпы шугае…

Азірнуўся Янка — смаліць за ім змей. Вось-вось дагоніць. Ён давай пугаю коней хвастаць. Тыя рвуцца наперад, траха не са скуры лужацца.

Прымчаўся Янка на бераг, ссадзіў каралеўну з карэты, потым цішком адчыніў залатую табакерку і загадаў свайму памочніку знесці мост. Чалавечак умомант знёс мост, а змораны змей упаў у глыбокае мора і захлынуўся.

Тым часам прачнуўся кароль, глянуў праз акно — вачам не верыць: вядзе да палаца Янка яго дачку!

Выбег кароль насустрач, давай дачку абнімаць. Такі шчаслівы, такі рады.

— Ну, хлопча, — кажа ён да Янкі, — парадаваў ты мяне. Аддам табе за гэта сваю дачку замуж і адпішу вам пасля сваёй смерці ўсё каралеўства.

Справілі вяселле, і стаў сіраціна Янка мужам каралеўны. Усе яго любілі, адна толькі каралеўна скоса паглядала: не падабалася ёй, што стала жонкаю простага мужыка. Прыстала яна аднойчы да мужа:

— Скажы, хто табе той мост зрабіў, па якім ты мяне прывёз?

Аднекваўся, аднекваўся Янка — рады няма.

— Памру, — кажа жонка, — калі не прызнаешся.

Што рабіць — прызнаўся Янка і паказаў жонцы залатую табакерку.

— Толькі, — кажа, — прысягні, што ты сама без мяне ніколі яе ў рукі не возьмеш.

Прысягнула жонка, а потым кажа:

— Хачу я жыць з табою ў замку на выспе. Загадай свайму памочніку, каб зрабіў мост.

Янка не стаў пярэчыць: адчыніў пры жонцы табакерку, загадаў памочніку — і стаў мост.

Пераехалі яны ў змееў замак. Жонка кажа:

— Не знімай моста: мы будзем па ім на бераг ездзіць — у госці да бацькі і куды захочам.

Пажылі яны колькі дзён у замку. Захацелася Янку на паляванне паехаць. Узяў ён лук, катка і мышку, каб весялей было ў дарозе, і паехаў па мосце.

Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць — не стала за ім моста! «Што за дзіва!» — думае Янка. Мац у кішэнь — аж няма табакеркі… Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся…

Тут ён аб усім здагадаўся. «Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе Янка. — Я яе пашкадаваў, з бяды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Зноў давядзецца ісці ў сваю хатку і галадаць, як раней».

Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе — мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца:

— Чаго ты плачаш, добры чалавек? Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.

— Нічога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.

Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на спіну, і паплылі яны цераз мора. Даплылі да замка. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка праз шчыліну прабралася ў пакой да каралеўны.

Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна табакерку хавае. І даглядзела-такі — у драўляным куфэрку!

Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка.

— Ёсць, — кажа, — залатая табакерка!

— То садзіся зараз жа мне на спіну! — загадаў каток. — Паплывём назад.

Села мышка яму на спіну, каток і паплыў, фыркаючы, па хвалях.

Даплылі ўжо траха не да берага. Каток пытаецца ў мышкі:

— Ці не згубіла ты табакеркі?

— Не, — кажа мышка, — вось яна! Падняла табакерку, каб паказаць катку, ды не ўтрымала: табакерка плюх у мора!

— Ах ты, недарэка! — узлаваўся каток. — Што ж ты нарабіла?

Выплыў ён на бераг і схапіў мышку зубамі за спіну.

— Я цябе задушу!

Убачыў гэта Янка, адабраў у катка мышку. А як даведаўся, што здарылася, дык зноў сеў каля мора і моцна зажурыўся — так шкада было яму табакеркі.

Раптам з мора паказалася серабрыстая рыбка:

— Чаго ты, чалавеча, сумуеш? Раскажы мне: можа, я табе ў чым дапамагу за тое, што ты калісь збавіў мяне ад смерці.

Прыгледзеўся Янка — пазнаў тую рыбку.

— Эх! — цяжка ўздыхнуў ён. — Вялікая ў мяне страта…

І расказаў рыбцы пра сваю бяду. Выслухала яго рыбка і кажа весела:

— Гэта бяда — не бяда! У мяне тут, у моры, табакерак колькі хочаш. Я табе буду выкідаць іх, а ты пазнавай, якая твая. Сваю забярэш, а мае мне назад вернеш.

Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора.

Неўзабаве пачала яна выкідаць на бераг табакеркі — сярэбраныя, залатыя, дыяментавыя. У Янкі аж уваччу мітусіцца ад табакерак. Давай ён пільна прыглядацца да іх і нарэшце такі ўбачыў сваю. Зарадаваўся Янка, пакідаў у мора лішнія табакеркі і крыкнуў да рыбкі:

— Дзякую, даражэнькая! Збавіла ты мяне ад бяды.

Узяў ён сваю залатую табакерку і пайшоў з катком і мышкай шукаць лепшых людзей.

Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Источник: https://be.wikisource.org

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *