Каваль і аднавокае гора

Автор: | Ноябрь 1, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-kaval-i-adnavokae-gora

Каваль і аднавокае гора.

Быў сабе каваль, а ў яго былі тры сыны. Адзін шавец, другі кравец, а трэці — каваль. Доўга яны ўжо жылі, а ніколі не бачылі гора. Вось і пайшлі шукаць ды пытацца: што гэта за гора такое? Прыходзяць яны ў адну карчму. А ў карчме ўгледзелі яны многа людзей, якія бедавалі ды гаравалі… Адзін з тых людзей кажа:

— Бяда, хлеба нямашака.

Другі:

— Кароўку задралі ваўкі.

А трэці:

— Мядзведзь выдраў пчолкі.

А кавальчукі глядзяць, слухаюць ды дзівяцца: чаго гэта людцы гаруюць ды бядуюць? У іх тады ўсё добра вялося, і не бачылі яны гора ніякага. Пасядзеўшы трохі ў карчме, пайшлі яны далей шукаць гора.

Прыйшлі ў лес. Ажно ў лесе на дарозе напалі на іх разбойнікі. Бяда! Як гэта ад іх адбіцца? Але неяк адбіліся, хоць ім трохі і дасталося. Пайшлі яны далей па дарозе, а там звярнулі зусім у лес. Хадзілі-хадзілі яны па лесе, аж глядзь — стаіць хата. А ля дзвярэй ляжыць дужа вялікі камень. Яны — у хату, ажно там ні духу. Паглядзелі ў печ, а там пячэцца цэлая авечка. Ды пад лаўкаю і пад сталом ходзяць яшчэ тры авечкі. Яны дасталі з печы печаную, і давай есці. Аж тым часам глядзь — прыйшоў у дзверы нейкі дужа вялікі чалавек з адным вокам. Убачыўшы іх, аднавокі гэты боўдзіла і кажа ім:

— Добра ж, пачакайце! Слаўна мне будзе паабедаць вамі, — сказаў ён гэта, дый заваліў каменем дзверы, а сам пайшоў чорт яго ведае куды. А вось тое і было Гора.

Бедныя кавальчукі ачухаліся, сядзяць ды кажуць:

— Во дзе Гора. Чаго нас пагнала нячыстая з дому, што тут рабіць, як гэта тут вылезці?

Паспрабавалі яны як адкаціць камень ад дзвярэй — а дзе ж там! Ні блізка — каб маці яго прапала. Вылезлі б можа ў вокны — але ж дужа малыя вокны, і галава не ўлазіць. Мабыць, прыходзіцца ўжо прападаць! Аж чуюць: ідзе той самы, што заваліў камнем дзверы, Аднавокае Гора, і кажа:

— Вось якое шчасце! Нікога не пакінуў, дзе выходзіў, аж тут разам знайшоў трох — будзе чым закусіць! Хто ты? — пытаецца ў аднаго.

— Я шавец.

— А ў мяне боты яшчэ цэлыя, не трэба мне шаўца, — сказаў ды шаўца за ногі ў гарачую печ усадзіў.

Пячэцца той небарака ў печы, а гэтыя два стаяць і калоцяцца, як асіны.

— А ты хто? — пытаецца Аднавокае Гора ў другога.

— Я кравец.

— Не трэба і ты мне! — сказаў дый таго ў печ пасадзіў. Пякуцца ўжо два, астаўся трэці.

— А ты хто? — пытаецца Гора ў трэцяга.

— Я каваль.

— А, добра, калі ты каваль, — кажа яму Аднавокае Гора. — Ці не ўставіў бы ты мне яшчэ адно вока?

— А чаму не, калі трэба, дык устаўлю, толькі ты прынясі мне вяровак і жалезны штых, бо мне трэба звязаць цябе, каб можна было ўставіць вока. А то ж ты не будзеш ляжаць супакойна.

Трэба ж ведаць, што гэты каваль быў дужа хіцёр. Пайшло некуды Аднавокае Гора, прынесла вяровак і жалезны штых. Каваль узяў, прывязаў Гора вяроўкамі дый кажа яму:

— Ну, страпяніся.

Гора страпянулася ды так, што і вяроўкі не стрымалі. А каваль тады ўжо нанова прывязаў Гора — яно як ні трапяталася, але ўжо ніяк не адарвалася. Мабыць, ужо ладна звязаў яго. Тады каваль узяў ды нагрэў чырвона-чырвона жалезны штых. Выняўшы з цяпла гарачы штых, каваль і кажа Гору:

— Ну, глядзі ж толькі ціха, а я табе ўстаўлю другое вока, — і сунуў той штых у відушчае вока.

А як ірванецца Гора, як закрычыць:

— А што ж ты гэта зрабіў?! Навошта ты мне выкалаў відушчае вока?! Стой жа, вырадак, не выйдзеш ты адсюль! Абмацаю я цябе! — дый пачало мацаць-лавіць каваля па хаце.

А каваль ужо ледзь жывы забіўся ў куточак ды сядзіць моўчкам. Гора мацала-мацала па хаце, лавіла-лавіла ды не злавіла каваля. А толькі абмацала сваіх авечак — яны былі пад сталом і пад лаўкай. Тады Гора села на парог дый кажа:

— Ну, нідзе ж ты не дзенешся — праз дзверы будзеш выходзіць. Не дачакаешся, каб я цябе не злавіла!

Каваль гэты тады вылез ціхенька з куточка, злавіў адну авечку ды кідзель! — сляпому Гору на ўлонне. Гора памацала — чуе, што авечка. Узяло ды выкінула яе за дзверы. Каваль таксама і другую авечку кінуў на ўлонне Гору. Гора і гэтую авечку выкінула за дзверы. Тады каваль узяў, вывернуў кажух, надзеў яго на галаву дый бабух! — у далоні да Гора. Гора думала, што гэта ўжо трэцяя авечка, узяло ды замест авечкі выкінула каваля за дзверы.

— А-а-а, дзякуй жа табе, Гора, што ты аслабаніла мяне! — закрычаў каваль здалёку.

— Э-э-э, ліха ж тваёй маці і бацьку твайму, калі гэта я цябе выкінула! Ну, злодзей, маеш шчасце — не жыў бы ты тут болей! Глядзі ж, будзеш ты ісці ў лесе ля вялікай калоды, не вазьмі ты там хаця маёй сякеркі — залатое лязо, срэбны абушок. Пакінь яе мне, не бяры.

— Трасца табе ў бок, халера ў жывот, а не сякерка! Выхвараеш ты, пакуль я яе не вазьму, абы толькі знайшоў!

Ідзе, аж бачыць: ляжыць вялізная калода, а ў калодзе тырчыць сякерка — залатое лязо, срэбны абушок. Дужа ладная сякерка! Каваль хлоп! — за тапарышча, а рука і прыстала да тапарышча. Ён і так, і сяк рваўся — нічога, аніяк не адарваць рукі. Ажно тут чуе: бяжыць Сляпое Гора. Ён ірвацца ізноў — аніяк! А тут ужо Гора блізка!

— Вось жа цяпер не выскрабешся ты ад мяне! — крычыць Гора, ужо чуючы носам здабычу.

Што ж тут рабіць? Абмацаў каваль у кішэні нож, дастаў хутчэй ды чырах! — адрэзаў сабе тую руку ды наўходала! Некалі тут ужо было разынкі прадаваць. А яшчэ рады быў, што хаця так адкупіўся. Пасля таго і годзе ўжо гора шукаць, бо ўбачыў, якое ж Яно.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *