Іван Світаннік

Автор: | Ноябрь 4, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-ivan-svitannik

Іван Світаннік.

 Жылі муж і жонка. Доўга не было ў іх дзяцей, а потым, ужо на старасці год, адразу нарадзіліся тры сыны: адзін нарадзіўся ўвечары, другі — у поўнач, трэці — на світанні. І назвалі іх усіх Іванамі: старэйшага — Іван Вячорнік, сярэдняга — Іван Паўночнік, малодшага — Іван Світаннік.Раслі браты на лес гледзячы. І выраслі дужыя, статныя, толькі па натуры не роўныя: Вячорнік быў зайздросны, Паўночнік — злосны, а Світаннік — не злосны і не зайздросны, а самы смелы і самы добры.

Здарылася ў цара той краіны бяда: прапалі тры яго дачкі. Усюды шукалі іх, а знайсці ніхто не мог.

Пусціў цар погаласку: хто знойдзе яго дачок — палавіну царства яму аддасць і дачку, якая спадабаецца.

Дачуліся пра гэта браты ды пачалі прасіцца ў бацькі, каб дазволіў ім ісці шукаць царскіх дачок.

— Ідзіце, — кажа бацька, — шукайце, калі маеце ахвоту.

Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве: Вячорнік заказаў булаву на шэсць пудоў, Паўночнік — на дзевяць, а Світаннік — на дванаццаць. Браты смяюцца з яго:

— Навошта табе лішні цяжар цягаць?

— Нічога, — адказвае меншы брат, — запас бяды не чыніць.

Сабраліся яны і пайшлі. Як ісці ды ісці — зайшлі ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з каранямі выварочваюцца.

Працерабілі дарогу і выйшлі на палянку. Бачаць — стаіць на палянцы вялікі дом, каменнаю сцяною абгароджаны. Падышлі да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Пастукалі браты ў вароты — ніхто не адчыняе.

— Давядзецца, мабыць, булавою выбіваць іх, — кажа старэйшы брат.

Размахнуўся ён, грукнуў булавою — толькі булава сагнулася, а вароты і з месца не скрануліся.

— Давай хіба я выбʼю, — кажа сярэдні брат.

Стукнуў ён сваёй булавою — вароты толькі ўвагнуліся.

— Ну, цяпер я паспрабую, — кажа меншы брат.

Размахнуўся ён ды як стукнуў з усяе сілы, дык вароты і разляцеліся на дзве палавіны.

Старэйшыя браты губы прыкусілі, а меншы смяецца:

— Не казаў я, што запас бяды не чыніць? Зайшлі на двор — нікога не відаць, а багацця скрозь, як у пана: у свірнах збожжа поўна, у хлявах — кароў і валоў. У Вячорніка аж вочы загарэліся.

— Калі так, — кажа ён, — то мы тут будзем гаспадарамі. Навошта нам цяпер тыя царэўны?

Зайшлі ў дом, пераначавалі. Назаўтра дамовіліся, што адзін застанецца абед варыць, а двое пойдуць на паляванне.

Застаўся на першы дзень старэйшы брат. Зарэзаў ён вала, разабраў яго, палажыў у кацёл і пачаў варыць. Зварыў і лёг адпачываць, чакаючы братоў.

Раптам нехта ў дзверы — стук, стук!

— Адчыні! — крычыць.

Зірнуў Вячорнік праз акно, бачыць: стаіць ля дзвярэй сівенькі дзядок — сам з кокаць ‘, барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае.

— Хто ты такі? — пытаецца Вячорнік.

— Гаспадар гэтага дома. Калі не адчыніш, дык я таўкачамі дзверы выбʼю!

Напалохаўся Вячорнік, адчыніў.

— Цяпер перанясі цераз парог! — загадаў дзядок.

Вячорнік перанёс дзядка цераз парог.

— Пасадзі на лаву! Вячорнік пасадзіў яго на лаву.

— Падавай сюды кацёл з валом! Вячорнік гнецца:

— Не магу: я на абед братоў чакаю. Дзядок заляскаў драцяною пугаю:

— Як гэта не магу! Вы ў маім доме жывяце, маё дабро спажываеце, а мне есці шкадуеце!

«Ну што ж, — думае Вячорнік, — няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!»

Паставіў ён кацёл перад дзядком, а той як накінуўся на вала — усяго зʼеў і ўсю поліўку выжлукціў. Наеўся, падужэў, а потым давай Вячорніка жалезнымі таўкачамі таўчы, драцяною пугаю хвастаць! Збіў на порхаўку, падкінуў пад лаву, а сам знік.

Ачухаўся Вячорнік, дацягнуўся сяк-так да пасцелі і ляжыць — ледзь дыхае.

Вярнуліся браты з палявання.

— Давай абед, — кажуць.

— Няма чаго… — стогне Вячорнік.

— Чаму ж ты не наварыў?

Брыдка Вячорніку прызнацца, што яго нейкі дзядок гэтак аддубасіў, — ён і кажа:

— Ды нешта нездаровіцца мне… Рабіць няма чаго, узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі. Назаўтра застаўся дома сярэдні брат — Паўночнік. Зрабіў усё, што трэба, і лёг адпачываць. Раптам нехта стукае ў дзверы.

— Хто там? — пытаецца Паўночнік.

— Гаспадар.

Адчыніў ён, бачыць: сівенькі дзядок паўзе — сам з кокаць, барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае.

— Перанясі цераз парог! — крычыць. Напужаўся і Паўночнік лупатага дзядка, перанёс цераз парог.

— Пасадзі на лаву! Пасадзіў і на лаву.

— Давай піць і есці!

«Ну што ж, — думае Паўночнік, — няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!»

Паставіў ён кацёл перад дзядком. Дзядок усё зʼеў, Паўночніка на порхаўку збіў і пад лаву падкінуў.

Вярнуліся браты з палявання, зноў няма чаго есці. А Паўночнік стогне:

— Занядужаў я, браткі… Вячорнік маўчыць, а Світаннік кажа:

— Што гэта за хвароба на вас напала? Калі так будзеце хварэць, дык мы тут з голаду паўміраем.

На трэці дзень застаўся дома меншы брат — Іван Світаннік. Зрабіў ён усё, што трэба, лёг адпачываць, пакуль браты з палявання вернуцца.

Раптам нехта стукае ў дзверы:

— Адчыні!

Не хацелася Світанніку ўставаць.

— Дзверы не замкнуты, — адказвае ён, — сам адчыніш!

Мусіў дзядок адчыніць сам. Як убачыў яго Світаннік, дык аж зайшоўся ад смеху.

— Колькі, — кажа, — на свеце жыву, а такога смешнага дзядка не бачыў!

Узлаваўся дзядок ды як кінецца на Світанніка з таўкачамі!

— Ах, дык ты так! — здзівіўся Світаннік.— Не на таго ж напаў!

Схапіў ён булаву і давай дзядка дубасіць. Збіў яго, таўкачы з пугаю адабраў, самога зацягнуў у лес, расшчапіў там пень, бараду ў расшчэп засадзіў, клінам заклінаваў і пайшоў назад.

belaruskiya-narodnyya-kazki-ivan-svitannik

Іван Світаннік. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Вярнуліся браты з палявання.

— Ну што, зварыў абед?

— Зварыў, — адказвае Світаннік. Паставіў ён кацёл на стол. Наеліся браты ды пытаюцца:

— А не прыходзіў да цябе лупаты дзядок?

— Прыходзіў.

— Ну і што?

— Нічога. Я яго бараду ў пень зашчаміў, каб больш сюды не хадзіў.

— Не можа быць! — дзівяцца браты.

— Хадзем пакажу.

Падышлі да пня, а там адна барада тарчыць…

— Вось чорт лупаты, вырваўся! — кажа Світаннік.— Трэба яго знайсці, а то ён зноў будзе цягацца да нас.

Пайшлі шукаць. Ішлі, ішлі па следзе і прыйшлі да вялікага каменя. Адвярнулі камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць.

— Трэба яго адтуль выбавіць ды дабіць, — кажа старэйшы брат. — А то нам у гэтым доме жыцця не будзе.

— Але, — згадзіўся і сярэдні брат, успамінаючы, як збіў яго дзядок таўкачамі.

Зрабілі браты доўгі пасак з валовых скур, прычапілі да яго кош і пачалі раіцца, каму ў нару спускацца.

Старэйшы кажа:

— Мне нешта нездаровіцца, не палезу… Сярэдні таксама адмаўляецца.

— Ну, дык я палезу, калі вы такія хворыя, — кажа меншы брат. — Спускайце мяне, ды глядзіце: як таргану за пасак — назад цягніце.

Спусцілі яго браты ўніз, і апынуўся Іван Світаннік пад зямлёю.

«Дзе ж тут таго чорта шукаць?» — думае ён. Азірнуўся, бачыць — стаіць недалёка медны палац. Зайшоў Іван у палац, а там сядзіць дзяўчына — змучаная ды засмучаная, слязьмі заліваецца. Шкада стала Івану дзяўчыны.

— Чаго ты, сястрыца, плачаш? — пытаецца ён.

— Як жа мне не плакаць: была я царская дачка, а цяпер стала нявольніцай злога Кашчэя…

Пачаў Іван Світаннік суцяшаць царэўну:

— Пацярпі яшчэ трошкі, я цябе вызвалю!

— Ох, — уздыхае царэўна, — ніхто мяне не вызваліць: злы Кашчэй любому асілку дасць рады. Уцякай, хлопча, бо хутка ён дамоў вернецца.

— Нікуды я не пайду, пакуль злога Кашчэя са свету не звяду! Дзе ён?

— Хто яго ведае: можа, у сярэбраным палацы, можа, у залатым, а можа, дзе па свеце лятае.

— А дзе твае сёстры?

— Сярэдняя жыве недалёка — у сярэбраным палацы, а меншая крыху далей — у залатым.

Пайшоў Іван да сярэдняй сястры, у сярэбраны палац, — няма і там Кашчэя: адна царэўна сядзіць, слязьмі заліваецца. Пагаварыў ён з царэўнай, суцешыў як мог ды пайшоў да малодшай сястры — у залаты палац. Агледзеў палац — нікога няма. Аж раптам бачыць — сядзіць у пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе.

— Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца.

— Была царская дачка, а цяпер нявольніца паганага Кашчэя. А ты хто?

— Сялянскі сын Іван Світаннік.

— Чаго ж ты прыйшоў сюды, сялянскі сын Іван Світаннік?

— Прыйшоў Кашчэя забіць і цябе з няволі вызваліць.

Царэўна цяжка ўздыхнула:

— Ох, добры малойча, ніхто не можа Кашчэя забіць, бо ён бессмяротны. Вось каб яго смерць знайсці, тады б ён і сам здох.

— А дзе ж яго смерць?

— Чула я, — кажа царэўна, — што ёсць на дне мора скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка — то гэта яго смерць.

Дзякуй, родная! — кажа Іван. — Чакай мяне тут: пайду шукаць Кашчэеву смерць.

Выбраў ён сабе ў палацы самы лепшы Кашчэеў лук і пайшоў. Ішоў, ішоў, захацелася яму есці. Бачыць — ляціць каршун.

«Забʼю, — думае, — каршуна, калі нічога лепшага не трапілася». Нацэліўся на каршуна, а той кажа яму чалавечым голасам:

— Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся.

Апусціў Іван лук, пайшоў далей. А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. «Ну, — думае, — цяпер хто б ні трапіўся — забʼю».

Толькі ён так падумаў, бачыць — бяжыць воўк. Падняў Іван лук, а воўк кажа:

— Не забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся.

Пайшоў Іван далей. Прыходзіць да мора. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Але толькі ён нагнуўся да рака, каб клюшню адарваць, як той пачаў прасіцца:

— Не чапай мяне, Іван Світаннік. Бачыш, як я пакутую: адна палавіна на беразе ляжыць, другая — у моры плавае. Вазьмі лепш кол ды спіхні мяне ў мора. Я табе за гэта што хочаш зраблю.

Паслухаў Іван, знайшоў кол ды спіхнуў рака ў мора.

Глынуў рак вады, акрыяў і кажа Івану:

— А цяпер, добры хлапчына, кажы, што табе трэба. Я ўсё зраблю.

Іван кажа:

— Ёсць у моры скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка — гэта смерць злога Кашчэя. Яна мне і патрэбна.

— Чакай тут, я табе дастану тую скрыню, — адказаў рак і нырнуў на дно мора. Знайшоў там скрыню і выкінуў на бераг.

Узяў Іван скрыню, разбіў замкі. І толькі адчыніў века, як выскачыў адтуль заяц ды памчаўся па беразе мора…

Іван за галаву схапіўся:

— Што ж я нарабіў? Вось каб цяпер таго ваўка сюды!

Толькі ён так сказаў, як бачыць — імчыцца воўк. Злавіў воўк зайца і разарваў яго на кавалкі. Выскачыла з зайца качка ды паляцела на мора.

Зноў зажурыўся Іван:

— Вось каб цяпер той каршун тут быў, ён бы качку злавіў.

Не паспеў ён так сказаць, як бачыць: ні адсюль ні адтуль каршун над морам. Схапіў ён качку, прынёс на бераг і разарваў на кавалкі. Выпала з качкі яйка. Узяў Іван яйка, палажыў у кішэнь ды пайшоў назад.

Прыходзіць ён у залаты палац. Глядзіць, аж тут сядзіць знаёмы сівы дзядок — сам з локаць, вочы па яблыку, але без барады. Як убачыў ён Івана, аж закалаціўся ад злосці:

— Вось каго я даўно чакаю! Праз цябе я без барады застаўся. Ну, цяпер ты ад мяне не выкруцішся! Бо хоць ты і дужы, але ж на гэтым свеце няма дужэйшага за мяне.

Схапіў лупаты Кашчэй свае жалезныя таўкачы ды рынуўся на Івана. А той — бух яму яйка ў лоб! У Кашчэя таўкачы так і вываліліся з рук. Упаў ён — і паганы дух з яго вон…

Спаліў Іван злога Кашчэя так, каб касціна да касціны, сустаў да сустава не сышліся, а попел па ветры развеяў. І пайшоў да царэўны.

— Дзякую табе, — кажа ёй, — што ты памагла мне гэтую нячыстую сілу са свету звесці. За гэта я цябе да бацькі, да маткі завяду.

Абняла царэўна Івана, пацалавала:

— А я за гэта за цябе замуж пайду. Ні за кога не пайду, толькі за цябе.

— Ну, глядзі ж, каб слова стрымала! Сабраліся яны і пайшлі. Адышліся крыху, Іван адвярнуўся назад, паглядзеў на палац:

— Эх, шкада гэтулькі золата пакідаць: дома б яно нам спатрэбілася.

Царэўна выняла хустачку, дае яму.

— Махні, — кажа, — гэтаю хустачкаю тры разы злева направа.

Махнуў Іван хустачкай, і палац як бачыш увесь у залатое яйка згарнуўся. Дзівіцца Іван, а царэўна кажа:

— Калі захочаш зноў мець такі палац, махнеш гэтай хустачкаю тры разы справа налева…

Палажыў Іван хустачку і яйка ў кішэнь, ды пайшлі яны далей — да сярэбранага палаца. Забралі сярэднюю царскую дачку. Іван і яе палац палажыў у кішэнь. Дайшлі да меднага палаца — забралі старэйшую дачку, а Іван і медны палац палажыў сабе ў кішэнь. «Запас бяды не чыніць!» — думае.

Падышлі да нары, праз якую Іван у Кашчэева царства спускаўся. Пасадзіў ён старэйшую царэўну ў кош і таргануў за пасак — кош і паехаў угору.

— Малайцы мае браты, — радуецца Іван, — чакаюць там мяне!

Паднялі яны гэтак і яшчэ дзвюх сясцёр. Дайшла чарга да Івана Світанніка. Зайздросны Вячорнік кажа брату:

— Навошта нам Світаннік? Цар як даведаецца, што ён яго дачок вызваліў, дык аддасць яму палавіну царства і самую прыгажэйшую дачку за жонку. А нам што застанецца? А так скажам, што гэта я яго дачок вызваліў, а ты памагаў. Ну, а з табою я падзялюся па-брацку.

Дамовіліся так ды і пакінулі меншага брата пад зямлёю. Чакаў, чакаў Іван Світаннік каша, ды так і не дачакаўся.

«Вось табе і браты! — думае Іван. — Здраднікі, а не браты!»

Пабедаваў ён ды пайшоў блукаць па падземным царстве. Ідзе ды ідзе, а тут раптам такая навальніца ўсхадзілася, ратунку няма! Схаваўся ён пад дуб. Стаіць там, аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты: дождж з градам так і смаліць па іх!

Шкада стала Івану птушанят. Палез ён на дуб і накрыў сваёю світкаю. Толькі сабраўся назад злазіць, як чуе — нешта шугае ўгары, аж вецер на сем вёрст свішча.

Прыляцела да гнязда светлазорая птушка Нагай, убачыла, што Іван яе гняздо світкаю ад граду закрыў, і кажа яму:

Не ведаю, добры чалавек, чым мне і аддзякаваць табе за тое, што ты дзяцей маіх ад смерці выратаваў.

— Вынесі мяне на нашу зямлю, — просіцца Іван.

— З ахвотаю вынесу. Толькі дастань мне бочку валовага мяса і бочку крынічнай вады. Давядзецца мне, бачыш, часта перакусваць дарогаю, бо ты цяжкі.

— Дзе ж мне дастаць усё гэта?

— Ідзі за вогненную раку. Там жыве сляпы дзед. У яго шмат валоў.

Пайшоў Іван да сляпога дзеда. Дзед кажа:

— Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка за імі бегаць.

Згадзіўся Іван і застаўся ў сляпога дзеда за пастуха.

— Усюды пасі іх, — кажа дзед, — толькі на луг старой ведзьмы Бабы Ягі не гані, бо яна цябе загубіць. Я аднаго разу пагнаў валоў на яе луг, дык яна за гэта вочы мне выкалала. Трыццаць гадоў я свету не бачу.

— Нічога, — кажа Іван, — справімся як-небудзь і з ведзьмаю.

Звіў ён сабе драцяную пугу, узяў булаву і пагнаў дзедавых валоў на ведзьмін луг.

Толькі прыгнаў, як бачыць: ляціць Баба Яга ў ступе, таўкачом паганяе, мятлою след замятае.

belaruskiya-narodnyya-kazki-ivan-svitannik

Іван Світаннік. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

— Хто табе дазволіў, — крычыць Баба Яга, — валоў на маім лузе пасвіць? Вось я табе зараз вочы выкалю, каб ты ні лугу майго, ні белага свету больш не бачыў!

Замахнулася ведзьма жалезным таўкачом і рынулася на Івана. А Іван як аперазаў яе драцяною пугаю, як смальнуў булавою, дык у ведзьмы вочы на лоб палезлі. Біў, біў, пакуль яна прасіцца не пачала.

— Вярні, — кажа Іван, — дзеду вочы, тады пушчу цябе.

— Вярну, толькі пусці жывую. У маёй хатцы на паліцы стаяць дзве пляшачкі з гаючаю і жывучаю вадою. Ты вазьмі іх, памаж дзеду вочы — ён і стане бачыць.

— Не, — кажа Іван, — не паверу табе: ты падманеш. Хадзем разам.

Узялі яны тыя пляшачкі ды пайшлі да дзеда. Памазаў Іван дзеду вочы гаючаю вадою — у дзеда выраслі новыя вочы; памазаў жывучаю — сталі бачыць.

Дзед так зарадаваўся, што не ведае, як і дзякаваць Івану.

— Бяры, — кажа, — хоць палавіну маіх валоў ды ідзі куды табе трэба. Я ўжо сам буду пасвіць.

— А калі зноў табе ведзьма вочы выкале? Дзед напалохаўся:

— Можа выкалаць: яна баба нягодная! Гэта ж жонка самога Кашчэя!

— Ах, так! — кажа Іван. — То я ёй зраблю тое, што і Кашчэю.

Дабіў ён Бабу Ягу, спаліў яе і попел па ветры развеяў. Потым забіў двух валоў, наклаў бочку мяса, наліў у другую бочку крынічнай вады ды пайшоў да птушкі Нагай.

— Падвязвай, — кажа птушка, — бочку з мясам мне пад правае крыло, з вадою — пад левае. Сам садзіся на спіну ды глядзі: як толькі я павярну галаву направа — кідай мне кавалак мяса, а як павярну налева — давай коўш вады.

Зрабіў Іван усё, як птушка сказала, сеў і паляцеў.

Імчыць Івана птушка Нагай уверх па цёмнай нары, а ён толькі спраўляецца свежай гавядзінай яе карміць, крынічнаю вадою паіць.

Кідаў так, кідаў ёй мяса і ўсё выкідаў. Паварочвае птушка галаву направа, а Іван замест мяса ёй коўш вады. «Не, — круціць яна галавою, — не хачу вады: давай мяса!» Бачыць Іван — задыхаецца птушка Нагай, а ўжо і да верху недалёка: нават неба свіціцца.

«Што ж рабіць?» — думае Іван. Узяў ён нож, выразаў кавалак мякаці з сваёй правай нагі і кінуў птушцы. Праглынула птушка, толькі здзіўлена на Івана паглядзела. Потым павярнула галаву налева і запіла крынічнаю вадою.

Праляцела так крыху ды зноў задыхацца пачала. Іван, доўга не думаючы, выразаў кавалак мякаці з левай нагі. Запіла птушка вадою і вылецела на белы свет.

— Ну, дабраліся сяк-так, — кажа птушка Нагай.— Злазь на зямлю.

— Не магу, — адказвае Іван.

— Чаму?

— Ды, бачыш, ногі ў мяне якія… Паглядзела птушка Нагай — і праўда: ногі Іванавы параненыя…

— Я-то гляджу, — кажа яна, — што апошнія кавалкі не такія былі. Ну, добра, цяпер ужо яны мне не патрэбны.

Кашлянула птушка адзін раз — выплюнула адзін кавалак, кашлянула другі раз — выплюнула і другі. Узяў іх Іван, прыставіў на месца, папырскаў гаючаю вадою — яны прыраслі; папырскаў жывучаю — зноў сталі такімі, як былі.

Падзякаваў ён добрай птушцы ды рушыў у дарогу. Дайшоў да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач.

Раніцай пасылае Іван бабулю ў горад даведацца, ці не чуваць там якіх навін. Пайшла бабуля ў царскую сталіцу, усё разведала, вярнулася і расказвае:

— Добрыя навіны ў горадзе: знайшліся царскія дочкі. Там цяпер на ўсіх вуліцах музыкі іграюць, скамарохі песні спяваюць.

— Хто ж знайшоў царскіх дачок? — пытаецца Іван.

— Асілак Іван Вячорнік. Цар аддае яму за гэта паўцарства і малодшую дачку. Праз тры дні і вяселле будзе.

Зажурыўся Іван Світаннік: няўжо, думае, царэўна пра яго забылася?

Назаўтра зноў пасылае бабулю ў горад навіны паслухаць.

Вярнулася яна і расказвае:

— Чула, хлопча, новыя навіны: вяселле будзе тады, калі знойдзецца чалавек, што зможа пашыць такія чаравікі, якія царэўна ў Кашчэевым царстве насіла. Так захацела сама царэўна.

Пачуў Іван гэта, пачаў прасіць бабулю:

— Схадзі, бабка, да цара, скажы, што ты можаш пашыць такія чаравікі.

Бабуля замахала рукамі:

— Што ты, хлопча, выдумаў? Дзе мне пашыць такія чаравікі!

— Ты, бабка, толькі заказ вазьмі, а я сам іх пашыю.

Пайшла бабуля да цара.

— Я, — кажа, — бяруся пашыць царэўне чаравікі.

— Добра, — згадзіўся цар. — Калі пашыеш і дачцэ спадабаюцца, дык я цябе азалачу.

Даў ёй цар задатку сто рублёў і сказаў, каб за тры дні работа была зроблена. Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак:

— Толькі глядзі, каб не падвёў мяне!

— Не падвяду, бабка, не бойся. Мінуў першы дзень — шавец не думае брацца за работу. Другі дзень — таксама нічога не робіць. Бабуля ледзь не плача:

— Што ты сабе думаеш, хлопча? Чаму чаравікаў не шыеш? Што я цару скажу?

— Не турбуйся, бабка. Заўтра не паспее і сонца ўзысці, як чаравікі будуць гатовы — уставай і нясі!

Увечары выйшаў Іван у поле, палажыў залатое яйка на зямлю, махнуў тры разы хуо тачкаю справа налева, і стаў залаты палац. Увайшоў ён у палац, знайшоў там царэўніны чаравікі, потым махнуў тры разы хустачкаю злева направа: палац зноў згарнуўся ў яйка.

Прынёс Іван чаравікі ды паставіў на стол.

Прачнулася бабуля, глядзіць — на стале чаравікі стаяць. Яна за іх і да цара.

Пазнала царэўна свае чаравікі, зарадавалася.

Хто іх пашыў? — пытаецца ў бабулі. — Гэта не ты шыла!

Спужалася бабуля і кажа:

— Пашыў іх адзін малады шавец…

— Я хачу бачыць таго шаўца! — пажадала царэўна.

Цару, вядома, не доўга: паслаў карэту і прывёз у палац маладога шаўца.

Як убачыла царэўна Івана Світанніка, дык і кінулася да яго.

Вось хто, — кажа, — мяне і сясцёр з няволі вызваліў! За яго я і замуж пайду. Тут цар адпісаў Івану палавіну царства і загадаў гуляць вяселле.

Усіх паклікаў Іван на сваё вяселле: бацькоў, сваякоў, старую бабулю, а большых братоў не запрасіў…

І я там быў, мёд, віно піў, па вусах цякло, але ў роце не было. Далі мне там сіні каптан. Бягу я з радасці дадому, а нейкі дурань крычыць: «Сінь каптан! Сінь каптан!» Мне здалося: «Скінь каптан! Скінь каптан!» Я ўзяў ды і скінуў. Прыбег дадому ды белы свой надзеў. Так у ім і цяпер хаджу.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *