Ілля і Пятро

Автор: | Ноябрь 1, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-illya-i-pyatro

Ілля і Пятро.

Даўно тое было — яшчэ як сам Бог па зямлі хадзіў. Аддаў Бог увесь свет Іллі і Пятру. Але, ведама, дзе два паны, там ніколі ладу няма. Як адзін думае, што трэба дождж пасылаць, то другі абавязкова захоча наадварот — пагоду. Плачуць хмары, не ведаюць, што рабіць, каго слухацца. Пойдзе дождж, дык Пятро бяжыць лаецца, на чым свет стаіць:

— Што вы робіце, нашто мочыце сена? Цяпер жа ж людзі косяць!

— Нам, — кажуць хмары, — Ілля загадаў.

— Ах вы! — лаецца Пятро. — Я вам пакажу таго Іллю! Ілля заўсёды наробіць гнілля.

Ухопіць Пятро добрага веніка і паразганяе хмары па кутках, а неба чысценька падмяце. Ды вось адкуль ні вазьміся тарахціць-едзе Ілля. Крычыць, як на пагібель, аж неба і зямля дрыжаць. Хмары таўкуцца, бы непрытомныя, вылазяць з куткоў, і ўжо ліе такі дождж, што не толькі берагі, але і высокія груды затоплівае. Жаляцца людзі Богу, што паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца. Жаляцца і просяць, каб Бог даў пагоду. Прызывае Бог Іллю, каб насварыцца на яго, а той кажа: «Столькі развялося нечысцей-чарцей, што трэба іх громам пабіць, бо ўвесь свет запаганяць!». Прызывае Бог Пятра і кажа: «Няхай Ілля трохі папалюе на чарцей». А Ілля тым часам падымае такія грымоты, што аж зямля стогне. Няма ні дня, ні ночы — хмары таўкуцца, як уюны ў рэшаце. На небе кіпіць, як у гаршку, маланка бліскае, аж уваччу цёмна становіцца. А пярун смаліць раз-пораз, паласуе хвоі і дубы ды паліць будоўлю або стагі. А Ілля едзе сабе па небе ды камандуе:

— Так-так-так! Го-го-го! Яшчэ! Лупі! Лупі яго! От так, го-го-го! Трэсні на яго па патыліцы! У патыліцу лупі яго, гада! Трах-тах-тах-тах! Го-го-го!

Просяць людзі напрамілы Бог, каб суняліся грымоты. А Ілля ж не слухае! Ходзіць Пятро ды плюецца бяззубым ротам ад злосці. Нацешыцца Ілля, пачысціць сваю каляску і паедзе да Сонейка ў госці. Тут Пятро ўжо падмяце неба ды давай сушыць зямлю. Вось ужо падыходзіць пара сеяць жыта, а зямля сухая, як праснак! Зноў бяда — бяда ўжо, што няма дажджу! А Ілля сваволіць сабе з Сонейкам і пра зямлю забыўся!

Не маюць вока адзін ад другога Ілля і Пятро. Сярдзітыя, баяцца, каб не сустрэцца. Але раз уздумалі яны пахадзіць па зямлі, папытацца людзей, каго тыя больш любяць — Пятра ці Іллю? Як сышлі яны на зямлю, так у пэўным часе і сустрэліся.

Ідуць яны разам і спрачаюцца. Пятро кажа, што яго больш любяць людзі, а Ілля кажа, што яго. Як жа дазнацца, чыя праўда? Бачаць яны, як чалавек сее грэчку.

— От, — кажа Пятро, — давай папытаем, каго мужыкі больш любяць.

— Папытаем, — кажа Ілля. — Памагай Бог!

— Дзякаваць!

— Скажы, добры чалавеча, каго вы больш любіце — Пятра ці Іллю?

Мужык зняў з плеч сявок, паставіў яго на зямлю, пачухаў патыліцу дый кажа:

— А багі яго знаюць, каго мы больш любім! Мо Іллю, а мо Пятра і Паўла!

— Ты не гарадзі плота, — кажа Пятро. — А скажы проста!

— Ілля, Павел, Пятро — добрыя святкі, мы іх любім.

— Дык каго ж больш?

Бачыць мужык, што тут не выкруціцца, і кажа:

— Ну, пэўна, Паўла-Пятра.

Аж затросся Ілля ад злосці. Пайшлі яны далей, а Ілля і кажа:

— Але ж спяку я яму за гэта ніву, нічога не зародзіць!

— А я намачу, і зародзіць, — сказаў Пятро.

— Калі так, дык я зраблю вось як: хто першы ўкусіць перапечку з нівы гэтага мужыка, той і падавіцца!

Пасміхнуўся Пятро, і пайшлі яны далей. Было вельмі ж добрае тое лета. Удзень пагода ды цяпло, а ўначы — ці цёплая раса, ці такі ціхенькі цёплы дождж. Расце ўсё, як на дражджах! Здаецца, пасадзі на полі дзіця — дык і тое вырасце. Зарадзіла грэчка па пояс, набіў мужык паўгумна — от які ўраджай! Намалаціў ён той грэчкі, намалоў, і напякла баба свежых перапеч[1] поўную печ!

На той час прыходзяць ізноў нечага ў тое сяло Ілля з Пятром — і заначавалі ў таго мужыка. А Ілля забыўся і не пазнаў яго. Селі яны вячэраць.

— От жа, дзякуй Богу, зарадзіла цяпер грэчка. Паспытайце, госцікі, свежых перапечак!

А Ілля тады добра-такі згаладаўся! Ён як ухапіў перапечку, так і падавіўся! Ён і так, і гэтак: і вадой запіваць, і кулаком біць у грудзі-спіну — хоць бы што! Здагадаўся ён, што гэта праклятыя ім перапечкі, і давай прасіць мужыка і Пятра! Насілу ж ачухаўся! З тае пары не перашкаджае Ілля людзям сена касіць. Але ўсё было б добра, каб Пятро не быў такі стары ды глухі. Бог кажа:

— Пасылай тады дождж, як людзі просяць.

А ён не дачуў ды пасылае дождж, як людзі косяць.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *