Хітры вол

Автор: | Ноябрь 7, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-hitry-vol

Хітры вол.

Пайшоў вол сена касіць. Косіць, завіхаецца, на неба паглядае: ці не відаць адкуль хмары? «За пагоду, — думае, — сена насушу, стог скідаю, тады і зіма не страшна». Ідзе воўк. Загледзеўся на вала.

— Ты бык? — пытаецца.

— Не, я вол.

— Сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі грабеш?

— Грабу.

— Хвастом падграбаеш?

— Падграбаю.

— А мяне ты не баішся?

Падумаў вол і кажа:

— Я не толькі цябе, а і двух такіх не баюся!

Паверыў воўк і пайшоў шукаць сабе падмогі.

Прыходзіць на другі дзень з двума братамі.

— Ты бык? — зноў пытаецца.

— Не, вол.

— Сена косіш?

— Кашу.

— Рагамі грабеш?

— Грабу.

— Хвастом падграбаеш?

— Падграбаю.

— А трох нас ты таксама не баішся?

Што валу рабіць? Давай ён далей хітрыць.

— Не толькі трох, — кажа, — а і чатырох не баюся.

Паверылі ваўкі і падаліся шукаць новых сяброў.

belaruskiya-narodnyya-kazki-hitry-vol

Хітры вол. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Доўга шукалі. Нарэшце прыходзяць на балота цэлаю чарадою. Глядзяць, а там ужо стог сена стаіць і вала не відаць.

Кінуліся ваўкі па следзе і прыбеглі да двара, дзе вол жыў. Двор вала высокім частаколам абгароджаны.

Круціліся, круціліся ваўкі, скакалі, скакалі, ды так да вала і не дабраліся.

— Ага, — закрычалі яны са злосці, — ты, баязлівец, схітрыў!

— Схітрыў ці не схітрыў, — адказаў вол, — а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася.

І павалакліся ваўкі прэч, хвасты падцяўшы.

 

Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_8365

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *