Чорт-злодзей

Автор: | Ноябрь 11, 2017
Беларускія народныя казкі. Чорт-злодзей.

Чорт-злодзей.


Паехаў дзед араць поле. І ўзяў з сабою праснак на абед. Палажыў праснак на возе, а сам арэ.

Араў, араў, змарыўся, пайшоў да воза праснаком падсілкавацца. Прыходзіць, а тут з-пад самага носа чорт ухапіў праснак і пабег у балота.

Узлаваўся дзед на чорта ды за ім з пугаю. Прыбег на балота, бачыць — чорт у прорву праваліўся. Дзед з гарачкі таксама туды — шабулдых!

Ускочыў на дно прорвы, глядзіць, а там палац вялікі і чарцей у ім поўна.

Пачаў дзед прыглядацца, каторы чорт ухапіў яго праснак. Ды дзе яго пазнаеш: усе чэрці адной шэрсці.

— Хто ў вас тут старшы? — пытаецца дзед у чарцей.

— Ды вунь, — кажуць, — за сталом сядзіць.

Падышоў дзед да яго.

— Так і так, — расказвае сваю крыўду, — твой чорт украў мой праснак. Загадай вярнуць.

Старшы кажа:

— Шукай у маладых: старыя гэтым займацца не будуць.

Падышоў дзед да кучы маладых чарцянят:

— А ну, разяўляйце раты!

Разявілі чарцяняты раты. Паглядзеў дзед і ўбачыў у аднаго з іх у роце недаедзены праснак.

— Вось ён, мой праснак! — кажа дзед старшаму.

Старшы тупнуў на чарцяня:

— Навошта ты ў дзеда праснак украў? Дзед — чалавек бедны, а ты ў яго крадзеш. Калі так, бяры, дзед, яго да сябе, няхай адслужыць за шкоду.

Пачухаў дзед патыліцу:

— Куды мне яго браць! Мне і самому есці няма чаго. Ды і работы яму няма.

— Нічога, ён сам сабе работу знойдзе.

Згадзіўся дзед і ўзяў маладога чорта.

Прывёў яго дадому. Дасталі яны з бабаю жменьку жыта.

— Давайце я малоць буду, — кажа чорт.

— Ды нам і самім няцяжка змалоць такую крыху.

— Не, — упёрся чорт, — давайце мне малоць…

Аддалі яму жыта. Пачаў чорт малоць. Баба ўжо і хлеб замясіла, а ў жорнах поўна мукі. Пачалі дзед з бабаю муку ў засек сыпаць — цэлы засек насыпалі… Хваліць дзед чорта:

— Вось гэта дык работнік!

Паехаў дзед з чортам поле араць. Чорт кажа дзеду:

— Запрагай мяне ў саху замест каня.

Запрог дзед чорта ў саху. Той туды-сюды павярнуўся — і ўсё поле ўзараў!

— Што цяпер будзем рабіць? — пытаецца ў дзеда.

— Зямлі ў мяне больш няма, — кажа дзед.

— Дык давай возьмем у пана ляда на часць: высечам ды пасеем пшаніцу.

Ну, так і зрабілі. Чорт за адзін дзень усё ляда высек, выкарчаваў, узараў і пасеяў пшаніцу.

Добрая вырасла пшаніца. Чорт зжаў пшаніцу, у бабкі саставіў, і пачалі дзяліць: пану палавіну за ляда і дзеду палавіну за насенне і работу. Чорт кажа дзеду:

— Умаўляйся з панам так: яму воз, а нам ахапак.

Дзед так і сказаў пану. Зайздросны пан думае:

«Добра, воз не ахапак. Ашукаю я дзеда!»

Наклалі пану воз пшаніцы.

— Цяпер бяры свой ахапак, — кажа пан дзеду.

— А няхай мой памочнік возьме — я ўжо стары, мне не данесці.

— Ну, няхай сабе памочнік бярэ.

Завіхрыўся чорт па полі, сабраў у кучу ўсе снапы, згроб іх і павалок дахаты. Пан толькі вачыма лыпае…

Дома чорт дзьмухнуў на пшаніцу — яна і змалацілася. Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа.

— А цяпер,і— кажа чорт дзеду,і— давай каня, паеду па дровы.

Запрог дзед каня. Чорт сеў і паехаў. У лесе без сякеры і пілы навырываў з карэннем самых тоўстых дрэў, наваліў воз траха не да неба, сеў зверху і цмокнуў на каняку. Конік фыркнуў ды памчаўся, дарогі не разбіраючы, — па цаліне, па кустах ды хмызняках.

Едзе дарогаю пан на чацверыку. Загледзеўся на дзіва: такі недалужны конік, а колькі дроў цягне! А яго чацвярык ледзь адну пустую брычку валачэ.

— Гэй, — кажа пан вазаку, — давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго.

— Давай.

Аддаў чорт пану дохлага каняку, забраў у яго чацвярык — і толькі яго і бачылі. Прыязджае дадому:

— Прымай, дзед, коней!

У дзеда ад дзіва і люлька з зубоў выпала:

— Дзе ты іх узяў?

— Памяняў на твайго коніка!

— Ды ў мяне ж і сена няма ім…

— Нічога, будзе і сена.

Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана.

— Ці няма ў вас, пане, якой работы? — пытаецца чорт-парабак.

— А ёсць, — кажа пан, — вунь цэлае гумно жыта не малочана.

Пайшоў чорт у абору. Злажыў усе снапы на таку, а потым як дзьмухнуў, дык усё і змалацілася.

Паглядзеў пан: чыста змалочана!

— Што табе заплаціць за такую работу?

— Ды нічога. Дай, калі не шкадуеш, ахапак сена.

Зарадаваўся пан, што танны работнік трапіўся.

— Вунь, — кажа, — ля рэчкі стог стаіць. Наскубі сабе там ахапак сена.

Пайшоў чорт, абматаў стог вяроўкамі і павалок. Убачыў аканом. Пабег да пана:

— Ах, паночак, вы сказалі малацьбіту ўзяць ахапак сена, а ён увесь стог пацягнуў…

— Вось машэннік! — узлаваўся пан. — Выпусці на яго пару валоў — няхай яны яго заборуць!

Выпусцілі валоў, а чорт іх за рогі ды пазакідаў на стог.

— Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць!

Пусцілі вепрукоў. Чорт і іх за вушы ды на стог.

І прывалок усё да дзеда.

Адслужыў чорт год і кажа дзеду:

— Ну, дзед, можа, ужо адрабіў я табе за праснак?

— Дзіва што! — смяецца дзед.

— Дык адпраў мяне дадому.

— А ідзі сабе, ці ж я цябе трымаю.

Махнуў чорт хвастом і памчаўся ў сваё балота.

 

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *