Бацькаў дар

Автор: | Ноябрь 3, 2017
belaruskiya-narodnyya-kazki-batskau-dar

Бацькаў дар.

Жыў сабе на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны — два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся; семʼі завялі, а Іван усё на печы ляжыць ды на жалейцы іграе.

Прыйшла пара бацьку паміраць. Сабраў ён сыноў і кажа ім:

— Сыны мае родныя, сыны мае любыя! Багацця вялікага я вам не пакідаю, але прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. І як прыйдзеце, то скажыце: «Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!» Вось і ўсё.

Сказаў ён гэта сынам, згарнуў рукі і памёр.

Пахавалі сыны бацьку. Ну, трэба старэйшаму ісці на магілу начаваць. А яму боязна, ды і жонка не пускае: «Куды ты пойдзеш, яшчэ загінеш там! Што я тады адна рабіць буду?»

Але ж нядобра не паслухаць бацькавай просьбы.

— Пашлі за сябе Івана, — раіць жонка. — З ім калі што і здарыцца, дык ніхто шкадаваць не будзе.

Старэйшы брат пачаў прасіць Івана:

— Схадзі, братка, за мяне на бацькаву магілу…

А Іван, лежачы на печы, адказвае:

— Што я — дурань хадзіць за другіх? Прыйдзе мая чарга, тады і пайду.

Брат ледзь не плача:

— Схадзі, Іванка! Бачыш, жонка мяне не пускае…

І ўгаварыў-такі.

— Ну, добра, — згадзіўся Іван, — скажы толькі жонцы, каб пашыла торбу вялікую і палажыла ў яе два боханы хлеба. Я там хоць хлеба ўволю наемся, а то дома вашы жонкі мне есці не даюць.

Пашыла жонка старэйшага брата вялікую торбу і палажыла туды два боханы хлеба. Узяў Іван торбу ды пайшоў на бацькаву магілу. Прыйшоў і сказаў, як бацька вучыў:

— Жоўты пясок, рассыпайся, сасновая труна, адчыняйся, бацька, з магілы падымайся!

Усё так і сталася. Падняўся бацька, паглядзеў на Івана і кажа:

— А дзе ж мой старэйшы сын?

— Ён, бачыш, баіцца цябе, дык мяне прыслаў, — адказвае Іван, уплятаючы лусту хлеба.

— Ну што ж, — уздыхнуў бацька, — тады яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: у зялёных лугах, на шаўковых мурагах пасецца конь сівай масці, з залатою грываю. Дзень пасецца, ноч гуляе, а як крыкне добры маладзец — ураз да яго прыбягае. Калі ён табе патрэбен будзе — крыкні-свісні поўным голасам, і конь стане перад табою, як ліст перад травою. А як нацешышся з яго, зноў пусці ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі.

Сказаў так бацька, лёг у труну — магіла ўслед і закрылася.

Адышоўся Іван ад магілы, крыкнуў-свіснуў поўным голасам — прыбягае да яго конь сівай масці, з залатою грываю.

Стукнуў конь капытамі:

— Што, Іван Іванавіч, загадаеш?

— Хачу на табе пракаціцца.

— Калі ласка!

Сеў Іван на каня і паляцеў. Тры разы свет абляцеў і да зямлі не дакрануўся. Прымчаўся на старое месца.

— Хопіць, — кажа каню, — нацешыўся! А цяпер бяжы ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. Дзень пасіся, ноч гуляй, а як крыкну я — да мяне прыбягай!

Пусціў каня, а сам торбу на плечы і пайшоў дахаты. Залез на печ, ногі на жэрдку закінуў ды іграе сабе на жалейцы. Разумныя браты дзівяцца: «Бач ты, нічога з ім і не сталася!»

Прыйшла другая ноч — трэба сярэдняму сыну на бацькаву магілу збірацца. Пачаў ён Івана ўпрошваць:

— Схадзі, братка, і за мяне…

— Што я — парабак вам! — злуецца Іван. — Табе трэба, ты і ідзі!

Тут і братава жонка да яго прыстала:

— Зрабі, Іванка, ласку: схадзі за брата на бацькаву магілу!

— Ну, добра, — згадзіўся Іван. — Давайце два боханы хлеба!

Спакавалі яму торбу, ён і пайшоў. Прыйшоў на магілу, сказаў, што трэба. Бацька падняўся і зноў дзівіцца:

— Чаму ж сярэдні мой сын не прыйшоў наведаць мяне?

— Ён баіцца цябе, — адказаў Іван, — дык і не прыйшоў.

— Ну што ж, — уздыхнуў бацька, — тады і яго доля будзе табе. Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Дык ён таксама будзе табе служыць.

Абляцеў Іван два разы свет на кані гнедай масці і вярнуўся дахаты.

На трэцюю ноч прыйшла яго чарга. Пайшоў ён на бацькаву магілу. Падняўся бацька і кажа:

— Шкада мне цябе, сынок: ты ўсё адзін да мяне ходзіш… Ну, дык няхай і трэці, самы маладзейшы, конь служыць табе. А пасецца ён у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах і масці ён буланай. А цяпер больш да мяне не хадзі.

Сказаў гэта бацька, лёг у труну, і магіла закрылася.

Абляцеў Іван адзін раз свет і на кані буланай масці. Потым вярнуўся дахаты, лёг на печы ды іграе на жалейцы.

— Вось, — дзівяцца разумныя браты, — наш дурань нідзе не прападзе! Але цяпер ужо хлеба мы яму не будзем даваць па два боханы на дзень — хопіць яму і заціркі!

Тым часам у тым царстве ўздурылася ад нечага рабіць малодшая царская дачка: залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенца і абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе. Тут усе, хто хацеў узяць сабе за жонку царскую дачку, кінуліся ў сталіцу. А іншыя пайшлі ды паехалі тое дзіва глядзець.

Разумныя браты кажуць:

— Давай і мы паедзем дзіва глядзець.

Пачалі яны збірацца. Іван просіцца:

— Вазьміце і мяне з сабою. Мне таксама хочацца дзіва паглядзець.

— Куды табе ехаць? — смяюцца браты. — Там і без такіх дурняў абыдуцца. А калі надакучыла на печы ляжаць, дык дамо табе работу.

Узялі яны два гарцы маку і два гарцы пяску, змяшалі ў кучу і кажуць:

— Пакуль мы вернемся, каб усё гэта перабраў: мак — асобна, пясок — асобна.

Засумаваў Іван, ды што зробіш. Усыпаў ён мак з пяском у торбу, лёг на печы і ляжыць. Торбу на чарэнь палажыў: няхай сохне.

Мінуў, можа, тыдзень ці два, злез Іван з печы, перасыпаў мак з пяском у лубянку, торбай накрыў ды пайшоў са сваім дабром за цёмны лес у чыстае поле. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівай масці, гнедай масці, буланай масці.

— Што скажаш нам, гаспадар?

— Коні мае добрыя, коні мае любыя: чутка пайшла, што ў царскай сталіцы дзіва дзіўнае творыцца. Уздурылася малодшая царская дачка, залезла на трэці ярус у цераме, села ля акенца і абвясціла, што, хто да яе на кані даскочыць, за таго замуж пойдзе. Ці не маглі б вы мяне туды завезці тое дзіва паглядзець?

— Можна, — адказвае конь сівай масці. — Але паедзеш ты цяпер на самым малодшым з нас — на буланым.

Выйшаў буланы конь наперад, махнуў грываю і кажа:

— Лезь мне, Іване, у правае вуха, праз левае вылезь.

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез і стаў такім малайцом, што ні царэвіч, ні каралевіч не дакажа. Сеў ён на каня. Конь стукнуў капытамі і паляцеў.

Доўга ляцеў ён ці коратка, аж вось і сталіца. Там ужо ўсе пазбіраліся дзіва глядзець. І браты Іванавы збоку стаяць, раты паразяўлялі.

Тут буланы конь як скокнуў з разгону, дык, можа, на які локаць усяго і не даскочыў да царэўны. Апусціўся на зямлю за церамам ды віхрам памчаўся далей. Быў і няма! Усе аж ахнулі, і царэўна ахнула: «Лавіце, лавіце яго!»

belaruskiya-narodnyya-kazki-batskau-dar

Бацькаў дар. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

Прымчаўся конь на старое месца. Іван улез яму ў левае вуха, праз правае вылез, стаў такім, як быў, ды кажа:

— Дзякую, конь мой добры! Паглядзеў і я царэўну. А цяпер памажы мне зрабіць яшчэ адну работу: перабраць два гарцы маку і два гарцы пяску…

Конь кажа:

— Раздзяры торбу на дзве посцілкі і высып з лубянкі свой мак.

Іван так і зрабіў. Як дзьмухнуў конь ноздрамі, дык мак апынуўся на адной посцілцы, а пясок на другой.

Згарнуў Іван посцілкі, падзякаваў каню ды пайшоў дахаты. А ў лубянку назбіраў па дарозе грыбоў.

Дома братавыя напалі на яго:

— Дзе ты, дурань, ходзіш? Ці перабраў ты мак? Будзе табе ад братоў, як вернуцца!

— А няхай вас качкі стопчуць! — кажа Іван .— Перабраў і мак і яшчэ во грыбоў прынёс. А вы ўсё кажаце, што я нічога не раблю.

Прыязджаюць неўзабаве са сталіцы і разумныя браты.

— Што там было, што рабілася! — расказваюць жонкам. — Але ніхто і да другога яруса не мог падняцца. Толькі адзін нейкі царэвіч на кані буланай масці чуць да царэўны не даскочыў. Яму б яшчэ з локаць вышэй… Эх, шкада! А такі прыгожы царэвіч быў, нават сама царэўна ахнула ды закрычала: «Лавіце, лавіце яго!» Ды дзе там!

А Іван ляжыць на печы, пасміхаецца:

— Ці не я гэта там быў?

Браты зашыкалі на яго:

— Маўчаў бы ты, дурань!

Праз нейкі час царэўна зноў абʼяву дае, каб усе зʼязджаліся ў сталіцу. А сама села ўжо ля акенца чацвёртага яруса.

Сабраліся ехаць і разумныя браты.

— Вазьміце і мяне з сабою! — просіцца Іван.

— Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе, работы дома няма? От мы табе дамо работу.

Узялі браты тры гарцы пяску і тры гарцы маку, змяшалі ўсё і загадалі Івану перабраць, пакуль яны вернуцца.

Пачакаў Іван колькі часу, высыпаў мак з пяском у лубянку, узяў дзве посцілкі і пайшоў за цёмны лес, у зялёныя лугі. Свіснуў-крыкнуў там поўным голасам — прыбеглі да яго добрыя коні.

— Чаго клікаў нас, гаспадар?

— Ды так і так, — кажа Іван, — зноў царэўна абʼяву дала, каб усе ў сталіцу ехалі. Ці не можна б і мне паехаць тое дзіва паглядзець?

Сівы конь адказвае:

— Добра. Але цяпер ты паедзеш на гнедым.

Ну, Іван зрабіў тое, што трэба, сеў маладзец-малайцом на гнедага каня і паляцеў у сталіцу. Усе ехалі туды па месяцу, па два, а ён за гадзіну дамчаўся. І паспеў якраз. Гнеды конь як сігануў, дык толькі на паўлокця да царэўны не даскочыў…

Царэўну цікавасць узяла: хто ж гэта такі той храбры царэвіч, што і другі раз ледзь не даскочыў да яе? Вось па некаторым часе дае яна трэцюю абʼяву, а сама залазіць на пяты ярус. І на гэты раз зноў зʼехаліся туды ўсе цары і царэвічы, каралі і каралевічы, усе паны і дваране. Паехалі і разумныя браты, пакінуўшы Івану работу: чатыры гарцы маку з пяском перабраць.

Вылежаўся Іван на печы, узяў мак з пяском ды пайшоў да сваіх коней.

— Ці не можна было б яшчэ разок зʼездзіць у сталіцу? — кажа коням.

— Можна то можна, — адказаў сівы конь. — Але цяпер ужо ты паедзеш на мне самім. Калі і я не даскочу да царэўны, дык больш і гаварыць аб гэтым не будзем.

Зрабіў Іван усё, што трэба, сеў на каня, свіснуў-крыкнуў і паляцеў у сталіцу. Гадзіны не мінула, а ён ужо там апынуўся.

— Ну, трымайся! — крыкнуў яму сівы конь.

Заржаў сівы конь на ўсю сталіцу, узвіўся ўгору і даскочыў да самай царэўны. А царэўна — стук, стук — і паставіла Івану дзве свае пячаткі: адну на лоб, другую — на патыліцу. Конь спусціўся на зямлю ды памчаўся прэч. Усе крычаць: «Лаві, лаві!» А лавіць і няма каго: тут быў — тут няма…

Прымчаўся Іван назад, папрасіў каня, каб перабраў мак, і пусціў яго ў зялёныя лугі, на шаўковыя мурагі. А сам насунуў шапку на самыя вушы, каб пячаткі не відаць былі, ды пайшоў дахаты. Па дарозе зноў назбіраў лубянку грыбоў.

Прыехалі браты, пачалі жонкам пра дзіва расказваць:

— Што там было, што рабілася! Усе скакалі, але і да другога яруса не даскочылі, а адзін царэвіч — прыгожы такі, увесь у золаце — як сігануў, дык да самай царэўны і даскочыў, а яна яму пячаткі свае на лоб і на патыліцу паставіла.

Іван слухае з печы ды смяецца:

— Ці не я гэта там быў?

— Сціхні, дурань! — зашыкалі на яго браты. — Не з тваім розумам і спрытам зрабіць такое! Ці перабраў ты хоць мак?

— Перабраў, — адказвае Іван, — няхай вас з вашым макам! Клопат адзін, ды і толькі.

Паглядзелі браты, і дзіва іх узяло: як гэта можна было гэтулькі маку з пяску выбраць?

— То, відаць, хапіла табе работы! — кажуць.

Тым часам царэўна дала абʼяву, каб зʼявіўся да яе жаніх. Перш-наперш паклікала да сябе ўсіх царэвічаў і каралевічаў. Агледзела — няма жаніха! Тады паклікала паноў і купцоў — таксама няма! Прыйшла чарга і да іншых — мужыкоў ды парабкаў. Усіх загадала збіраць.

— Ну, — кажа Іван да братоў, — раней я прасіўся, каб вы ўзялі мяне, а цяпер пайду і без вас!

Узяў сваю жалейку, торбу за плечы і пайшоў за цёмны лес, у чыстае поле. Крыкнуў-свіснуў там поўным голасам — прыбягаюць да яго ўсе трое коней.

— Коні мае добрыя, — кажа Іван, — загадала царэўна зʼявіцца на яе вочы ўсім мужыкам ды парабкам. Ці не можна і мне паехаць да яе?

Сівы конь адказвае:

— Цяпер ты зноў паедзеш на малодшым з нас. І едзь такім, як ёсць.

А буланаму каню дае наказ:

— Завязі ты яго, братка, да лазні, што каля царскага палаца стаіць, і пакінь там. А ты, — кажа да Івана, — залезь у лазні на палок ды іграй на жалейцы. Цябе знойдуць, як трэба будзе.

Як бачыш замчаў яго буланы конь да лазні. Увайшоў Іван у лазню, залез на палок ды іграе сабе на жалейцы.

Тым часам царэўна са служанкаю ўсіх мужыкоў ды парабкаў перагледзелі — няма жаніха! Аж раптам чуюць: нехта ў лазні іграе, ды так хораша, што люба слухаць. Пайшлі туды, адчынілі, бачаць — ляжыць на палку хлапец, абадраны, абшарпаны, шапка на лоб насунута… І так іграе на жалейцы, што ногі самі ў скокі ідуць. Падышла да яго царэўна, зняла падраную шапку, глядзіць, аж яе пячатка на лбе! Паглядзела на патыліцу — і там яе пячатка!

— Ну, — кажа яна Івану, — гэта ты мой жаніх! Хадзем да бацькі.

Узяла яго за руку і вядзе, а Іван упіраецца:

— Куды я пайду! Каб з мяне там насмяяліся?

Прывяла яго сяк-так царэўна ў харомы. Бацька як убачыў, давай плявацца:

— Каго гэта ты сабе за мужа выбрала?!

Дачка кажа:

— Але ж на ім мае пячаткі, — значыцца, ён мой суджаны муж. Такі мой лёс. Нічога не зробіш…

Хоць не хоць — прыйшлося гуляць вяселле. Стаў Іван царскім зяцем.

А было ў таго цара яшчэ два зяці, што на старэйшых дочках пажаніліся. Тыя, вядома, з князёў ды каралёў былі. Вось сабраў аднойчы цар сваіх багатых зяцёў і кажа:

— Я ўжо стары, і смерць мая не за гарамі. Каму ж з вас царства перадаць?

— Мне! — кажа адзін зяць.

— Не, мне! — кажа другі.

І так заспрачаліся, што ледзь не да бойкі справа даходзіць. Тады цар кажа:

— Вось што, зяці мае любімыя: ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна хоць самому цару есці. Каторы з вас дастане тую свінку і прывядзе ў мой палац, таму ўсё царства адпішу!

Тут зяці, доўга не думаючы, узялі па палку салдат і з музыкай паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку.

Кажа царская дачка свайму мужу:

— Швагры твае вунь паехалі шукаць свінку — залатую шчацінку, а ты што сабе думаеш? Ім бацька ўсё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

— Нікуды я не паеду! — адказвае Іван. — Выдумалі ліха ведае што — нейкую свінку! Дзе яе возьмеш?

Жонка заплакала, а Іван узяў сваю жалейку ды і пачаў іграць.

Мінула так з месяц ці больш, тады Іван кажа да жонкі:

— Схадзі да бацькі, папрасі ў яго якой-небудзь заваляшчай кабылкі: паеду і я свінку шукаць.

— Дурань ты, — кажа жонка, — швагры ўжо, можа, даўно знайшлі яе ды вязуць дамоў, а ты цяпер толькі надумаўся ехаць!

— Няхай сабе! Схадзі да бацькі. А калі не дасць, дык я пехатою пайду.

Пайшла жонка да бацькі.

— Татулька, — кажа, — просіць мой Іван хоць якой заваляшчай кабылкі: хоча і ён па свінку ехаць.

Цар пасмяяўся, але кабылку даў. Сабраўся Іван, сеў на кабылку задам наперад ды паганяе.

— Глядзіце, — дзівяцца царскія слугі, — дурны па-дурному і едзе!

Выехаў ён за горад і пусціў кабылку ваўкам на спажыву. А сам як крыкне, як свісне — прыбягаюць да яго ўсе трое коней: сівы, гнеды, буланы.

— Што скажаш нам, гаспадар?

— Ах, коні мае добрыя! — кажа Іван. — Ёсць у адным царстве, у адной старане свінка — залатая шчацінка, лычам арэ, нагамі барануе, а ўслед за ёю пірагі растуць, ды такія, што можна самому цару есці! Ці не можам мы яе дастаць?

belaruskiya-narodnyya-kazki-batskau-dar-

Бацькаў дар. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

— Можам! — адказвае сівы конь. — Паедзеш ты па свінку на малодшым з нас. Але вам трэба ўзяць з сабою шаўковы шнурок і раменны бізун.

— Дзе ж мне іх узяць? — пытаецца Іван.

— Пачакай крышку.

Узвіўся сівы конь і паляцеў у зялёныя лугі. Праз хвіліну прылятае з раменным бізуном і шаўковым шнурком.

— Вось табе ўсё, што трэба. Толькі, глядзі, — лупі свінку гэтым бізуном не лянуючыся, пакуль не здасца, а ты, буланы, дратуй яе капытамі.

Улез Іван буланаму каню ў правае вуха, праз левае вылез, стаў добрым малайцом, сеў і — толькі яго і бачылі.

Ці доўга ляцелі яны, ці коратка, аж прылятаюць у тую краіну, дзе жыве свінка — залатая шчацінка. Глядзіць Іван, а яна і праўда: лычам арэ, нагамі барануе… Падкраўся ён да свінкі ды давай бізуном яе хвастаць. Конь капытамі дратуе, а ён бізуном хвошча. Свінка цярпела, цярпела, ды моцы не стала.

— Ах, — кажа, — заморскі царэвіч Іван Іванавіч, за што ты мяне забіваеш?

— Здавайся, — крычыць Іван, — бо не пушчу цябе жывую!

І датуль біў яе, пакуль свінка не здалася. Зашмаргнуў тады Іван ёй на шыю шаўковы шнурок, сеў на буланага каня і паехаў, а свінка ззаду бяжыць.

Едзе так, едзе, бачыць — насустрач два палкі салдат ідуць, музыка іграе. «Ну, — думае Іван, — гэта, напэўна, швагры мае яшчэ па свінку едуць». Улез ён буланаму каню ў левае вуха, праз правае вылез і стаў такім, як быў. Каня пусціў, а свінку за шнурок да дуба прывязаў. Свінка тая і давай сваёю работаю займацца: лычам арэ, нагамі барануе…

Расклаў Іван у дубняку цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

Падʼязджаюць швагры бліжэй, бачаць — з дубняку дымок уецца. Кажуць яны сваім слугам:

— Пайдзіце паглядзіце, хто там дыміць. Слугі пайшлі, аб усім даведаліся, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

— Ну, што там? — пытаюцца швагры.

— Ды гэта ж, — кажуць слугі, — наш дурань дыміць там. Ён ужо і свінку тую вядзе.

— Не можа быць! — дзівяцца швагры. — Пойдзем самі паглядзім. І калі што, дык выпрасім у яго свінку або адбярэм.

Прыходзяць у дубняк, глядзяць — і праўда: сядзіць Іван ля цяпельца, на жалейцы іграе, а свінка каля дуба сваю работу спраўляе…

— Добры дзень, швагер!

— Добры дзень!

— Дык гэта ты ўжо раней за нас і свінку дастаў?

— Я адну толькі дастаў, — адказвае Іван, — а там іх цэлая чарада: хопіць і вам.

— Што ты хлусіш, швагер! Такая толькі адна і ёсць на свеце. Аддай ты нам гэтую свінку.

А Іван стаіць на сваім:

— Гэта мая свінка, і я сам павяду яе цесцю.

Швагры ж як прысталі да яго — не адчапіцца. «Мы табе, — кажуць, — і тое дамо, і гэтае…» Надакучыла Івану слухаць іх, ён і кажа:

— Ну, ліха з вамі: калі адрэжаце па мезеным пальцы з правай нагі, то бярыце яе сабе.

Падумалі швагры і згадзіліся: што ж, мезены палец варты палавіны царства! Адрэзалі яны пальцы, узялі свінку — залатую шчацінку і вясёлыя павялі яе ў сталіцу.

А Іван палажыў пальцы ў сваю каліту, пагрэўся яшчэ трохі каля цяпельца, потым клікнуў буланага каня, сеў на яго і памчаўся. Швагры ехалі, можа, з месяц, а Іван — за адзін дзень справіўся. Прыехаў да горада, буланага пусціў у зялёныя лугі, а сам да жонкі пайшоў.

Убачыла яго жонка без нічога, рукамі пляснула:

— Дзе ж ты бацькаву кабылку падзеў?

— Ды, бачыш, — кажа Іван, — дрэнная кабылка трапілася: прыстала ў дарозе… Ну, я кінуў яе і сам пехатою вярнуўся.

Жонка ў плач:

— Ох, ліханька з табою: выпрасіла ў бацькі кабылку, а ты яе страціў і свінкі не прывёў…

Вось праз нейкі час вярнуліся і швагры са свінкаю. Прывязалі яе на дзядзінцы каля царскіх харомаў. Свінка і пачала дзівы вырабляць: лычам арэ, нагамі барануе, а за ёю гатовыя пірагі растуць…

Колькі тут было радасці і шваграм і цару! Паклікаў цар гасцей — паноў ды князёў — дзіва глядзець. Бо ніводзін цар такой свінкі не мае!

Разʼехаліся госці, а швагры пайшлі да цесця прасіць, каб царства ім адпісаў. Цар падумаў і кажа:

— Не, за адну свінку царства не адпішу. Ёсць у адным царстве, у адной старане, дзіва-кабыліца — з ноздраў яе полымя шугае, з вушэй дым валіць. Пасецца яна ў зялёных лугах, на шаўковых мурагах. І вартуюць яе дванаццаць коней з залатымі грывамі. Калі вы тую кабыліцу з коньмі зловіце і прыведзяце да мяне, тады адпішу вам царства.

Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу!

Набралі яны яшчэ больш войска і паехалі.

Жонка зноў прыстае да Івана:

— Швагры твае вунь па кабыліцу паехалі, а ты дома сядзіш! Бацька ім усё царства адпіша, а мы як жыць будзем?

— Э, — кажа Іван, — куды мне ехаць? Што ў мяне войска сваё, ці што? Пражывём як-небудзь і без царства!

Мінула колькі часу, Іван зноў просіць жонку:

— Схадзі да бацькі: ці не дасць ён мне яшчэ адной кабылкі? Паеду і я за шваграмі.

— Што ты, дурань, вярзеш? Швагры, пэўна, ужо назад варочаюцца з кабыліцай, а ты толькі збіраешся.

— А калі варочаюцца, дык і я з імі вярнуся. Бяда вялікая!

— Мне брыдка перад бацькам, — кажа жонка, — зноў дарэмна кабылку страціш. Што я тады скажу яму?

— Страчу дык страчу. Бацька твой праз гэта не збяднее.

Пайшла яна да бацькі і выпрасіла яшчэ адну кабылку. Сеў Іван на кабылку, адʼехаўся крыху ад горада ды пусціў яе ваўкам на спажыву. А сам крыкнуў-свіснуў, і сталі перад ім яго добрыя коні. Расказаў Іван коням пра дзіўную кабыліцу.

— Дык гэта ж наша маці! — усклікнуў сівы конь. — І там цяпер не дванаццаць вартаўнікоў каля яе, а дзевяць, бо мы табе служым. Цяжкую задачу ты загадаў нам, гаспадар. Ды паспрабуем памагчы табе. Ідзі ты да свайго цесця і папрасі ў яго дзедаўскага бязмена.

Вярнуўся Іван у харомы, выпрасіў у цара дзедаўскі бязмен на дванаццаць пудоў. Узяў яго ў рукі і махае, як трысцінкай. Цар дзівіцца:

— Дурань, а дуж! Глядзі ты яго!

Прыйшоў Іван зноў да сваіх коней.

— Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. А я гэтым часам буду каля яе лятаць і прасіць: «Матухна, здавайся, бо мой гаспадар вельмі ж злосны: забʼе цябе бязменам…»

Ну, так усё і сталася, як сівы конь сказаў.

Злаўчыўся Іван, сеў на кабыліцу, а тая падняла яго пад самыя нябёсы… Насіла, насіла — не скідаецца Іван: сядзіць на спіне, як прырос, ды дванаццаціпудовым бязменам лупіць яе паміж вушэй.

Стамілася кабыліца і кажа:

— Трыццаць тры гады жыву, а ніхто яшчэ не ездзіў на мне! Хто ты такі?

— Гэта, матухна, наш гаспадар, — адказвае за Івана сівы конь. — Здавайся, бо ён надта сярдзіты: забʼе цябе.

— Ну, што ж, — уздыхнула кабыліца, — хадзіла я па волі, а цяпер давядзецца хадзіць пад няволяй. Чакай, Іван Іванавіч, перастань біць мяне.

— Вось так бы даўно і сказала, а то мне рука забалела дубасіць цябе, — кажа Іван.

Едзе Іван на кабыліцы назад у сваё царства, а за ёю дзевяць коней ідзе і дзесяты Іванаў сівы конь.

Едзе ён, аж бачыць: насустрач войска валіць, музыка іграе. «Гэта, напэўна, швагры мае», — думае Іван. Пусціў ён свайго сівага каня ў зялёныя лугі, расклаў цяпельца, грэецца ды на жалейцы іграе.

Убачылі швагры дымок. Пасылаюць слуг даведацца, хто там дыміць. Пайшлі слугі, усё разгледзелі, прыкурылі ад цяпельца і назад вярнуліся.

— Ну, хто там? — пытаюцца швагры.

— Ды гэта ж дурань наш кабыліцу вядзе, і каля яе дзевяць коней з залатымі грывамі бегае.

— Як дзевяць? Цесць жа казаў — дванаццаць!

— Не, толькі дзевяць.

— То пойдзем самі паглядзім.

Прыходзяць:

— Здароў, швагер!

— Здаровы былі!

— Што, кабыліцу вядзеш?

— Ага, там іх шмат пасецца. Я сабе толькі адну ўзяў і дзевяць коней у прыдачу.

Швагры пераглянуліся, пакруцілі галовамі:

— Годзе, швагрусь, табе смяяцца з нас! Гэта ж тая кабыліца, пра якую бацька казаў.

— Ды не, не тая, — не здаецца Іван. — Ваша вам засталася. Я чужых не бяру.

— Няхай сабе і так, — кажуць швагры, — але ты нам пераступі гэтую. Мы табе што хочаш дамо.

І як пачалі прасіць — рады няма. Здаўся Іван і кажа:

— Добра, бярыце, але адрэжце мне за яе па мезеным пальцы з правай рукі.

Шкада шваграм пальцаў, ды Іван на сваім стаіць. Параіліся швагры між сабою.

— Што ж, — кажуць, — дактары ў нас свае, лекі свае, — як бачыш усё загоіцца: адрэжам па пальцу!

Вярнуўся Іван дадому, як і першы раз, ні з чым.

— Скажы хоць, дзе ты бацькаву кабылку падзеў? — пытаецца жонка.

— Як дзе? Здохла! Што ж ты думаеш: сам ехаў ды яшчэ бязменішча гэткі вёз…

Праз колькі часу прыводзяць швагры тую кабыліцу. Рады, што і не выказаць: вядома, царства цяпер ім будзе!

Тут ужо трэба цару паперу пісаць — царства зяцям перадаваць.

— Не, — кажа цар, — я перадумаў. Не ўсё яшчэ вы зрабілі. Ёсць у адным царстве, у адной старане, за сінімі марамі, за высокімі гарамі леў. Сядзіць ён пры студні, дванаццаццю ланцугамі прыкуты. А яму, як дзень, так ноч, дванаццаць чалавек ваду са студні цягаюць; леў усю яе выпівае і ўсе хваробы і з народу і са скаціны ў сябе ўбірае. Калі вы гэтага льва дастанеце і прыведзяце ў наша царства — усё ваша будзе!

Падумалі швагры: «Можа, дурань і гэтага льва дастане, а мы ўжо як-небудзь у яго вымарачым».

— Добра, — кажуць, — прывядзём ільва!

Сабраліся і паехалі. А жонка напала на Івана:

— І што ты, дурань, сабе думаеш? Ляжыш толькі ды на жалейцы іграеш. Бачыш, швагры вунь па льва паехалі. Бацька ім усё царства адпіша, а мы з табою жабраваць пойдзем!

— Ах, любая жонка, — кажа Іван, — хіба ж людзі не жабруюць? Неяк будзем жыць і мы.

Жонка на гэтым і супакоілася.

Вось пражылі яны з месяц ці два, Іван зноў просіць жонку, каб ішла да бацькі па кабылку.

— Не, — кажа жонка, — цяпер ужо не пайду. Калі хочаш — выпраўляйся пехатою: усё роўна адзін з цябе толк!

Іван спрачацца не стаў, развітаўся з жонкаю ды рушыў у дарогу. Выйшаў у чыстае поле, паклікаў коней. Сівы конь і кажа:

— Цяпер ты паедзеш на гнедым. Як падʼедзеш да сталіцы, каня пускай, а сам ідзі да студні і скажы, што ты адзін бярэшся льва паіць. А калі цар нойме цябе, дык не спі ў шапку. Вось табе малаток — ён любы ланцуг разабʼе…

Ці доўга Івану — гадзіны за тры апынуўся ён каля студні.

— Добры дзень, малайцы! — прывітаўся Іван да работнікаў, што ваду чэрпалі.

— Добры дзень!

— Цяжка вам тут працаваць?

— Ой цяжка!

— Дык давайце я за вас адзін буду льва паіць.

— Што ты! — адказваюць работнікі. — Нас дванаццаць і то не спраўляемся.

— Нічога, я спраўлюся. Далажыце вашаму цару.

Пайшоў старшы работнік, далажыў цару. Цар зарадаваўся: аднаму менш плаціць трэба.

— Пастаўце яго, — кажа цар, — на тры дні: справіцца адзін, тады і дамаўляцца будзем.

Работнікі адышліся ад студні, а Іван ухапіўся за работу. І так у яго гладка пайшло, што лепш і не трэба.

Старшы работнік пабег да цара.

— Дзіва! — кажа. — Леў не паспявае ўсяе вады выпіць, што ён адзін падае.

— Ну што ж, — кажа цар, — паглядзім яшчэ, як заўтра будзе.

Уночы Іван кажа льву:

— Ведаеш што: давай уцячом адгэтуль. У маім царстве табе лепш будзе.

І так расхваліў ён сваё царства, што леў згадзіўся ўцякаць з ім.

— Толькі, — кажа леў ,— ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі.

— Нічога, адарву.

Узяў Іван малаток, як стукнуў, і рассыпаўся ланцуг. Дванаццаць разоў стукнуў — дванаццаць ланцугоў рассыпалася. Сеў тады Іван на льва і памчаўся ў сваё царства. Сустракае па дарозе швагроў. Убачылі тыя, што Іван на льву едзе, пачалі яго маліць-прасіць:

— Аддай нам гэтага льва…

— Ого, — не згаджаецца Іван, — усё вам ды вам! Дайце ж і мне хоць каго прывесці да цесця. А то вунь жонка мяне лае: кажа, вы царства будзеце мець, а нам жабраваць давядзецца.

— Мы табе, Іване, што хочаш дамо, аддай толькі нам ільва.

І гэтак пачалі ўгаворваць, што Іван здаўся.

— Добра, — кажа, — але цяпер я з вас даражэй вазьму: выражце мне па палосцы скуры са спіны…

Швагры не сталі пярэчыць: «Дактары свае, лекі свае — залечым, — думаюць. — Затое цяпер ужо напэўна царства будзем мець. А тады і старога цара і дурня гэтага вытурым прэч!»

Узяў Іван дзве палоскі скуры, скруціў у трубачку ды паклаў у сваю каліту. Потым, як адʼехаліся швагры з ільвом вярсты дзве, паклікаў гнедага каня, сеў і гайда дамоў.

Вярнуўся Іван дадому. Слугі царскія смяюцца з яго.

— Вось, — кажуць, — за тры дні па льва пехатою схадзіў. І куды дурню за разумнымі пяцца!

А жонка плача:

— Што ты сабе думаеш? З цябе людзі смяюцца.

— Няхай смяюцца: не ўсім жа плакаць!

— Нябось паплачаш, як бацька шваграм царства адпіша, а нам нічога не будзе.

— Ат, навошта нам тое царства! Дасць які кавалак зямлі, і хопіць з нас.

Жонка і супакоілася: не будзеш жа ўвесь час плакаць! Слёз не хопіць.

Прыводзяць швагры таго заморскага льва — з музыкай, з песнямі. З усяго царства пазбіраліся князі ды паны дзіва глядзець. А цар ад радасці такі баль наладзіў, што свет не бачыў.

Тры дні і тры ночы балявалі. А як скончыўся баль, паклікаў цар зяцёў. Прыйшлі да яго зяці з жонкамі і меншая царская дачка. Толькі Іван не пайшоў.

— А дзе ж твой дурань? — пытаецца цар у меншай дачкі. — Чаму ён не ідзе? Хоць бы паслухаў, як я царства дзяліць буду.

Пайшла яна па мужа:

— Іван, ідзі да бацькі, паслухай, як там і што.

— А чаго мне хадзіць?

— Пайдзі папрасі ў яго хоць кавалак зямлі.

Пайшоў Іван у царскі пакой, стаў ля парога і стаіць.

Цар кажа да старэйшых зяцёў:

— Вось, зяці мае любыя, аддаю я вам усё сваё царства, а сам застаюся ў вас на ласкавым хлебе.

— Дзякуем табе, татулька, — пакланіліся зяці.

— А мне што даеш, бацька? — пытаецца Іван з парога.

— Нічога табе не даю! На печы царства не зарабляюць.

Іван паглядзеў на швагроў і кажа:

— А яны што такога зрабілі, што ты ім царства аддаеш?

— Як што? — здзівіўся цар. — Яны мне заморскія дзівы дасталі.

— Дзе дасталі? У мяне выенчылі! Паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых нагах мезеныя пальцы.

— Ану, скідайце боты! — загадаў цар зяцям.

Зяці адразу скінулі — праўда: няма ў іх на правых нагах мезеных пальцаў!

Адкрыў Іван сваю каліту і дастаў адтуль пальцы.

— Вось яны! Гэта за свінку я ў іх узяў. А цяпер паглядзі, бацька, ці ёсць у іх на правых руках мезеныя пальцы.

Паглядзеў цар — няма! А Іван з той жа каліты іх дастае:

— А гэта — за кабыліцу я ў іх узяў. Але ж яны цябе ашукалі: прывялі толькі дзевяць коней. А дзе ж яшчэ тры?

— Але, — пачухаў цар патыліцу, — ашукалі: не хапае трох коней…

Тут Іван выйшаў з палаца, крыкнуў поўным голасам, свіснуў маладзецкім посвістам — і сталі перад ім тры залатагрывыя кані. Цар аж вочы вытрашчыў. А зяці як палатно збялелі.

-belaruskiya-narodnyya-kazki-batskau-dar-

Бацькаў дар. Иллюстратор: Вячеслав Волынец.

— А цяпер, — кажа Іван, — паглядзі, бацька, на спіны сваіх зяцёў: ці цэлыя яны?

Паглядзеў цар: не хапае па палосцы скуры…

Іван выняў з каліты дзве палоскі, прыклаў да спін — іх скура!

— Гэта я ім за льва памятку зрабіў. Бачыць цар: усё праўда! Прагнаў ён сваіх зяцёў-ашуканцаў, а Івану ўсё царства аддаў.

Источник: https://be.wikisource.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *