Асцярожны пасланец

Автор: | Октябрь 31, 2017
belaruskіja-narodnyja-kazkі-Asciarozhny-paslanec

Асцярожны пасланец.

Быў сабе адзін пан, ды такі паганы, злосны, што проста бяда. Ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Бывала, як прыйдзе да яго хто што-небудзь папрасіць, а ён раптоўна як крыкне:
— Што скажаш!
Дый той кажа:
— Усё добра, паночку, — а сам дрыжыць, бы асіна.
— А па добрым што? — закрычыць пан. — На канюшню яго, галгана!
Так і не дасць ні слова прамовіць. Іначай ён і не ўмеў з людзьмі гаварыць. І баяліся ж людзі гаварыць таму пану што-небудзь кепскае, не пад гумар — засячэ, усю скуру зніме, калі хто не патрапіць сказаць так, як ён хоча, і трапіць яму не па шэрсці.
Толькі быў адзін нехлямяжы мужычок, звалі яго Стопкам. Ён умеў з тым панам гаварыць. Раз пан гуляў у карты ды выйграў вельмі харошы маёнтак. От гэтак вясною паехаў пан аглядаць той маёнтак ды застаўся там на ўсё лета. Вельмі ж яму спадабаўся той маёнтак. Праўду ж кажуць, што новае сітка на колачку вісіць, а старое пад лаваю ляжыць. Бачыць аканом, што доўга пана няма. А тут у дварэ бяда на бядзе, ды яшчэ бядою паганяе. Ён стаў думаць, як жа гэта паведаміць таму пану. Думаў-думаў ды надумаўся паслаць да пана пасланца. Толькі не ведае, каго паслаць, каб ён добра расказаў пану пра ўсё тое няшчасце. Каму ні скажа, ніхто не згаджаецца, бо баяцца, каб за праўду не засёк. Абяцаў аканом вялікі гасцінец таму, хто пойдзе да пана. Перабраў усё сяло — няма ахвотніка. Не ведае, што рабіць, сядзіць ды ломіць рукі. Прачуў пра тое Стопак, пайшоў да аканома ды кажа:
— Я пайду да пана і ўсё яму скажу. Я ўмею з ім гаварыць.
Рады аканом, чуць не цалуе Стопка. Даў яму цэлую жменю грошай, чобаты са сваіх ног і пасылае ў новы маёнтак.
Ідзе Стопак і ніводнай карчмы не мінае. Ці доўга ён ішоў, ці мала, толькі вось прыйшоў у новы двор. Падыходзіць да пакояў, аж там сустракае яго лакей.
— Ты чаго тут шляешся, валацуга? — крыкнуў лакей на Стопка і давай яго цкаваць сабакамі.
Стопак дастаў з вярэнькі[1] кусок сала і кінуў яго сабакам. А сабакі ўжо і годзе брахаць. Тым часам Стопак узыйшоў на ганак.
— Што табе трэба? — пытае лакей ізноў.
— Мне трэба бачыцца з панам, — кажа Стопак. — Я прыйшоў, паночку, са старога панскага двара.
— Добра, — кажа лакей. — Я скажу пра цябе пану. Але ж скажы і ты мне, адкуль ты ведаеш, што я таксама пан.
— А адтуль і бачу. Ты пан-няпан, а так сабе — паўпанак. Бо ў цябе нос нізкі, лоб слізкі — от і бачна, што лізаў панскія паўміскі.
Хацеў тут лакей схапіць Стопка за каўтуны ды, як кажуць, паслаць яго з валасянога ўпраўлення ў земскі суд, але тут якраз лакея пазваў да сябе пан. — Які там халоп? — пытае лакея пан.
— То пасланы ад пані з панскага маёнтка.
— А, пакліч яго.
Пабег лакей зваць Стопака да пана. А Стопак тым часам дастаў капшук, набіў люльку тытунем, вынуў з малагейкі[2] губку і крамянец, узяў цагала[3] і давай крэсіць агонь. Выкрэсіў ён агню і давай курыць люлечку. Курыць сабе ды паплёўвае на чысты памост.
— Ідзі, цябе пан кліча, — кажа лакей.
— Не трасца трасе, хай абажджэ, — кажа Стопак і пакурвае сабе люлечку далей.
— Хутчэй ідзі!
— Зараз-зараз, толькі вось люльку дакуру.
Чакаў-чакаў пан Стопка, не дачакаўся. Гоніць ізноў лакея па яго. А Стопак так павольна агінаецца ды шавеліцца — нібы мокрае гарыць. Дакурыў ён люльку, выбіў з яе попел, схаваў яе за пазуху і толькі тады памаленьку пасунуўся да пана. А лакей, бы сабака, бяжыць наперадзе ды адчыняе дзверы. Увайшоў Стопак да пана і закашляўся. Кашляе Стопак, а пан чакае ды толькі вусы круціць.
— Кхе, дзень добры, паночку!
— А цо повеш? — пытаецца пан.
— Усё добрае, паночку.
— А па добрым цо?
— Да от, паночку, мяне прыслаў аканом. Панскі сцізорык зламаўся.
— Які то сцізорык?
— Ды гэта той, мабыць, што пану пер’е рабілі.
— А як жа ж яго зламалі?
— Кажуць жа, пане, што без нажэндзя[4] і вошы не заб’еш, але ўсякае нажэндзе пры рабоце псуецца. От так і панскі сцізорык — хацелі пану на боты з выжла скуру злупіць, узялі сцізорык, а на панскім выжлу вельмі моцная скура, сцізорык і зламаўся.
— Якего выжла? Цо ты пляцеш, галган?
— Панскі выжал. Той самы, можа пан памятае: ён яшчэ ўскочыў у калодзеж, а Мікіту паслалі даставаць, дык ён, Мікіта, і ўтапіўся там. Той самы выжал, што пан любіў браць на паляванне. Э, дай Бог памяці, здаецца, што пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў.
— Цо ж, мой выжэл здэх?
— Здэх, пане.
— А чаго ж ён здэх?
— Кажуць, паночку, быў здаровы, але як каніны аб’еўся дык разам ногі і выпруціў.
— Якей каніны?
— Ну дык мяса жарабца.
— Якего жарабца?
— Панскага! Буланага жарабца, з лысінкаю.
— Цо ж, і ён здэх?
— Здэх, паночку. А шкада, добры быў жарабец.
— Ой, я нешчэнслівы!
— Э, пане, чаго вельмі турбавацца. Бо ж вядома: калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то ці здохне, ці воўк яго з’есць.
— А з чэго жарабец здэх?
— Падарваўся, мабыць.
— Цо ж рабілі ім, прэнтко ездзілі ці цо?
— Не, пане, на ім не ездзілі, заўсёды ён стаяў у стайні.
— А цо ж?
— Ваду, пане, вазілі.
— Але ж на цо была та вода?
— Людзі ж кажуць, паночку, што як топішся, то й за брытву схопішся. Як загарэўся ў дварэ свінух, так аканом вялеў і на жарабцу ваду вазіць.
— І свінух спаліўся?
— Згарэў, паночку.
— А як жа ж ён запаліўся?
— Бачыш, пане, ён быў блізка каля аборы, от ад яе і загарэўся.
— То і абора спалілася?
— Згарэла, пане, як свечка.
— А з чэго ж яна запалілася?
— От гэтага, паночку, добра не ведаю. Ці ад абозні, ці мо ад пакояў.
— Езус, Марыя… То і пакоі спаліліся?
— Згарэлі, пане. Суздром[5] усё знікла, як бы хто языком злізаў.
— І вшыстэк двор спалілсэ?
— Увесь, пане! Чыста, гладка — хоць рэпу сей.
Ухваціўся тут пан за галаву і давай божкаць.
— Але ж чаго запаліліся пакоі, — пытае ізноў пан Стопка.
— Ад свечкі, пане.
— А для чэго палілі свечкі?
— Ну, а як жа, пане, заўсёды ж свечкі паляць, як хто памрэ.
— Цо? Хто ж там змэр?
— Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася… Пані ж памерла.
— Цо? Цо ты кажэш… Пані змэрла? О, я нешчэнслівы! — і давай тут пан плакаць, убівацца.
— Чаго ж пан плача? Пану ж Бог даў і прыбытак.
— Які? Кажы хутчэй!
— Пану Бог даў унука. Большая паненка сына займела. Гожы, кажуць, хлапчук-паніч — выліты панскі фурман Мікіта.

Пачуўшы тое, пан зваліўся з крэсла. А Стопак пайшоў сабе ў пякарню падвячоркаваць. Дык вось які быў Стопак, і як ён умеў з панамі гаварыць.

  1. Вярэнька — кошык з накрыўкай, сплецены з барозавай кары (бяросты).
  2. Магалейка — кісет.
  3. Цагала — прыстасаванне для здабывання агню.
  4. Нажэндзя — інструменты, прылады.
  5. Суздром — зусім.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *