Аб ведзьме, якая сына жаніла

Автор: | Октябрь 31, 2017
belaruskіja-narodnyja-kazkі-Ab-vedzme-jak-syna-zhanila

Аб ведзьме, якая сына жаніла.

У адным двары было надта многа пшаніцы, а тую пшаніцу вазілі ўвесь час да нейкага месца. Адзін жа чалавек не меў каго выправіць з тою пшаніцаю. Дык ён прыбраў сваю дачку па-мужчынску і выправіў яе ў дарогу. Павезла яна тую пшаніцу. Вязе-вязе, ажно пачаў у яе воз ламацца. Астатнія фурманкі паехалі і паехалі, а яна адстала. А ўсё ж прыязджае на трачастую дарогу і не ведае, па каторай ёй ехаць. Нарэшце ўехала ў нейкі лес, а ўсё ж пачало і вечарэць. – Ах, ліхачка, а што ж мне тут рабіць? Едзе яна далей, а ўсё ж глядзіць – у лесе нейкая хата. Так захацелася папрасіцца нанач. Прынялі яе з ахвотаю, але гэта была вядзьмарская хата. А ў тых ведзьмакоў быў адзін сын. Зараз яны завялі яе каня, недзе паставілі, а яе ў хату клікнулі, і там ужо частуюць-прымаюць. Той сын думае, што яна мужчына, а маці кажа: “Не, дзеўка!” І не пускаюць яе ад сябе, і трымаюць. А ўсё ж той сын з бацькам спрачаецца. Кажа: “То ж мужчына”. А яны: “Не, дзеўка!” Ды ў дзяўчыны быў сабачка, які з ёй з дому бег. Толькі пачуе, што яны між сабой гавораць, то зараз жа ёй і расказвае ўсё. Аднаго разу кажа ён ёй так: – Пашлюць цябе да кірмаша, а самі будуць здалёк назіраць, што ты будзеш купляць: ці жаноцкае, ці мужчынскае. То глядзі ж ты, май розум, бо яны цябе хочуць са сваім сынам ажаніць. Паехала яна да таго кірмаша, не купляе ні стужак, ані хустак, ні пацерак – нават ані ў той бок не глядзіць. Усё да хамутоў, капузаў*, уздэчак – усё мужчынскія рэчы таргуе. Тады сын кажа бацькам: – А, што, я так і казаў, што гэта мужчына! Узяла тая ведзьма ды забіла таго сабачку, бо здагадалася, што гэта ён гаспадыню сваю асцерагаў. І давай ужо з яе ўсяляк збыткавацца*, аж покуль не прызналася яна, што дзеўка яна, хлопцам апранутая. Так дзяцюк той, канечне, ужо хоча з ёй ажаніцца. А ведзьма дае ёй дайніцу і кажа: – Ідзі ж ты мае каровы падаі, а іначай я цябе са свету збаўлю. Выйшла яна ўжо з тою дайніцаю і так плача, так плача, бо нідзе ж ніводнай каровы і следу няма. Выйшаў той дзяцюк: – Ціха, – кажа. – Не плач. Я табе скажу, якія гэта каровы. І даў ёй парася. – Ідзі ў лес і пакладзі гэтае парася на зямлю. Як толькі яно закрычыць, так назбягаецца ваўчыц, а як пачнуць яны яго есці, дык ты барджэй у іх па разу малака цыркні і сама бяжы дахаты: яны ж цябе не зачэпяць. Так ён сказаў, так яна і зрабіла. І прыносіць яна тое малако дахаты, а ведзьма: – Нябось хітра, ведала, як зрабіць. Назаўтра дала ёй ножы дый кажа: – Ідзі ж ты пастрыжы мае авечкі, то тады будзе тваё вяселле з маім сынам, а інакш са свету зжыву. Выйшла яна, небарака, і так плача, так плача. Падходзіць да яе той дзяцюк і кажа: – А чаго ты плачаш, чаму ты мне не кажаш, чаго табе бракуе? І даў ён тады ёй дзіця і кажа: – Ідзі на расстайныя дарогі, палажы гэтае дзіця, а як яно заплача, то пазбягаюцца адусюль чэрці і будуць яго нюхаць. А ты тым часам у кожнага астрыжы па космачцы барады ды прынясі ёй – гэта будзе яе воўна. Як ён навучыў, так яна і зрабіла. Прыносіць гэтую воўну, а ведзьма кажа: – Ну, нябось, хітра! Ну, калі хочаш быць маёю навесткаю, пайдзі ж ты яшчэ на той свет ды прынясі мне ад маёй сястры нічальніцы*. Выйшла яна, бедная, на двор плачучы, а ведзьмін сын і кажа: – Дурню, ты не плач. І даў ён ёй клубок нітак. І кажа: – Дзе ён будзе каціцца, ты туды і ідзі. І даў ён ён пшаніцы жменьку: – Спаткаеш ты на дарозе гусей, пасып гэтую пшаніцу – няхай клююць. Потым даў ёй сыру: – Спаткаеш ты яшчэ катоў. Пакладзі той сыр – няхай ядуць. І даў ёй яшчэ бохан сітняга хлеба. – Ты там, – кажа, – спаткаеш сабак. І пакладзі ім, няхай таксама ядуць. І нарэшце даў ён ёй яшчэ фаску* масла і кажа: – Як прыйдзеш пад дзверы, то пастаў каля іх гэта масла. А як ведзьма дасць табе есці, то ты, што першы раз укусіш, трымай за левай шчакой, бо яна спытае пасля, каб ты аддала. То ты і аддай. Як ён навучыў, так яна і зрабіла. Увайшла да ведзьмінай сястры і кажа: – Цётка, вашая сястра прыслала мяне па нічальніцы. Ведзьма ёй дала нічальніцы і пачала частаваць. А як тая дзяўчына, пад’еўшы, дзякавала, яна і кажа: – Аддай мне тое, што ты першы раз укусіла. Яна выняла з-за левае шчакі і дае. А ведзьма адно галавою закруціла. Выходзіць дзяўчына за дзверы, а ведзьма і кажа: – Дзверы-дзверы, забіце яе! А дзверы за гэта: – Мы ў цябе цэлы век масла не бачылі, а цяпер поўную фаску маем. Не будзем яе забіваць. Так тая ведзьма: – Сабакі-сабакі, разарвіце дзеўку! Сабакі кажуць: – Мы ў цябе цэлы век чорнага хлеба не бачылі, а цяпер мы сітні ямо. Не будзем яе забіваць! А яна на катоў: – Каты-каты, задушыце дзеўку! А каты на тое: – Мы ў цябе не зналі, што ёсць на свеце сыр. А цяпер поўнаю губою ямо. Не будзем душыць. Так ведзьма на гусей: – Гусі-гусі, задзяўбіце дзеўку! А гусі: – Мы ў цябе не ведалі, якая пшаніца на свеце ёсць. А цяпер паглянь, якую харошую ямо. Не будзем дзяўбці дзеўку. І так яна прыйшла, шчаслівая, дахаты, і аддала нічальніцы. А ведзьма і кажа: – Ну, ідзі ж ты мой род на вяселле пасклікай. Яна, небарака, так ужо плача, выйшаўшы на надворак, бо чорт яе ведае, дзе яе гэтую радню шукаць. Але выйшаў той дзяцюк і кажа: – Ціха, дурню, не плач. І даў ёй конскую галаву. – Ідзі, – кажа, – з гэтаю галавою, стань пад крыніцаю, пакладзі гэтую галаву на сваю ды ўсё ківайся, стоячы, усё ківайся. З крыніцы будуць чэрці вылазіць і ісці да яе на вяселле. А як вылезе апошні, дык дасць табе па галаве, галава гэтая ўпадзе і ты падай. А ён сам паляціць, бо думаць будзе, што цябе забіў. Тады ты ўстань, ды ідзі назад дахаты. Ён так навучыў яе, яна так і зрабіла. Прыходзіць яна дахаты, а ведзьма сядзіць за сталом, абсадзіўшыся вакол чарцямі. Глянула на дзяўчыну, і нібы ўсцешылася. І давай рагатаць – нібы яна такая радая. Рагатала-рагатала ды і лопнула, а чэрці з-за стала навыперадкі пайшлі праз комін. А яны – дзеўка тая з хлопцам – і ажаніліся. І добра ім усё было.

Источник: kazki.unicef.by/kazki.html

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *